Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

пазгіна́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; зак., каго-што.

Сагнуць усіх, многіх ці ўсё, многае.

П. галіны.

Гора не пазгінала людзей (перан.).

пазгла́джваць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак., што.

Згладзіць, зрабіць гладкім усё, многае.

П. няроўнасці.

пазго́ртваць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак., што.

1. Згарнуць усё, многае.

П. хусткі.

2. Зрабіць скручваннем многа чаго-н. (разм.).

П. папяросы.

3. Згортваючы, сабраць у адно месца ўсё, многае.

П. збожжа ў кучу.

пазграба́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што.

1. Згрэбці ў адно месца ўсё, многае.

П. сена ў кучкі.

2. Грабучы, скінуць адкуль-н. усё, многае.

П. снег з дахаў.

пазгрыза́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што.

Згрызці ўсё, многае.

Бабры пазгрызалі асіны.

паздава́цца, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -дае́цца; -даёмся, -даяце́ся, -даю́цца; зак.

Здацца — пра ўсіх, многіх.

П. ў палон.

паздава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́; -даём, -даяце́, -даю́ць; зак.

1. каго-што. Здаць, перадаць куды-н., каму-н. усё, многае ці ўсіх, многіх.

П. кнігі ў бібліятэку.

2. што. Здаць у часовае карыстанне ўсё, многае.

П. кватэры кватарантам.

3. што. Раздаць усе карты ў гульні.

4. што. Здаць іспыты.

П. экзамены.

паздараве́лы, -ая, -ае.

Які стаў здаравейшым.

Паздаравелае дзіця.

паздараве́ць гл. здаравець.

паздаро́віцца, -іцца; безас.; зак.

У выразе: не паздаровіцца каму (разм.) — будзе дрэнна каму-н. за што-н., з-за чаго-н.

За невыкананне работы нам не паздаровіцца.