Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

па́мятны, -ая, -ае.

1. Які захаваўся ў памяці; незабыўны.

Памятная падзея.

2. Які служыць для заметак, даведак, для захавання чаго-н. у памяці.

Памятная кніжка.

3. Які служыць для напаміну пра каго-, што-н., які зроблены як памяць пра што-н.

П. падарунак.

П. медаль.

памя́ты, -ая, -ае.

1. Няроўны, нягладкі, са складкамі.

П. касцюм.

2. Стомлены, нясвежы, нібы заспаны (разм.).

П. твар.

|| наз. памя́тасць, -і, ж.

памя́цца, -мну́ся, -мне́шся, -мне́цца; -мнёмся, -мняце́ся, -мну́цца; -мні́ся; зак. (разм.).

1. гл. мяцца¹.

2. Памарудзіць, праяўляючы нерашучасць, ваганне ў вырашэнні чаго-н.

Крыху памяўшыся, згадзіўся.

па́мяць, -і, ж.

1. Здольнасць захоўваць і аднаўляць у свядомасці ранейшыя ўражанні, вопыт, а таксама сам запас уражанняў, якія захоўваюцца ў свядомасці.

Добрая п.

Урэзацца ў п.

Вылецець з памяці (забыцца). Гаварыць на п. або па памяці (не гледзячы ў тэкст). Выкінуць з памяці (забыць). Дацца ў п. (запомніцца). Падарыць што-н. каму-н. на п. (каб помніў). Не ў п. (пра тое, што не помніцца). На памяці чыёй або пры памяці чыёй ці за чыю п. (у перыяд жыцця каго-н., калі ён сам быў сведкам чаго-н.). Дайсці да памяці (апрытомнець). Прыйсці на п. (успомніцца). Кароткая п. у каго-н. (хутка забывае; звычайна пра таго, хто не хоча помніць, успамінаць што-н.). Курыная п. (вельмі дрэнная; разм., жарт.). П. машыны (перан.: пра запамінальнае ўстройства вылічальнай машыны).

2. Успамін пра каго-, што-н.

Ён пакінуў у нас добрую п. пра сябе.

Захоўваць п. пра якую-н. падзею.

3. Тое, што звязана з памерлым (успаміны пра яго, пачуцці да яго і пад.).

Прысвяціць манаграфію памяці свайго настаўніка.

Ушанаваць п. нябожчыка ўставаннем.

Вечная п. каму-н. (пажаданне, каб доўга, вечна помнілі каго-н. памерлага).

Без памяці

1) без прытомнасці.

Хворы быў без памяці;

2) вельмі моцна (разм.).

Бегчы без памяці;

3) ад каго-чаго. У захапленні (разм.).

Ён без памяці ад дзяўчыны.

памя́ць, -мну́, -мне́ш, -мне́; -мнём, -мняце́, -мну́ць; -мні́; -мя́ты; зак., што.

Зрабіць мятым, змяць.

П. касцюм.

памяча́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак., што.

Ставіць паметкі на чым-н.

П. старонкі рукапісу.

памяша́ць гл. мяшаць.

памяшка́нне, -я, мн. -і, -яў, н.

Унутранасць будынка, месца, дзе хто-, што-н. размяшчаецца.

Жылое п.

Добра абсталяванае п.