Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

паразумне́ць гл. разумнець.

паразыхо́дзіцца, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -дзіцца; -дзімся, -дзіцеся, -дзяцца; зак.

Разысціся — пра ўсіх, многіх ці ўсё, многае.

Усе паразыходзіліся.

параз’яда́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́е; зак., што.

Раз’есці ўсё, многае.

Вапна параз’ядала пальцы.

параз’язджа́цца, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -а́ецца; -а́емся, -а́ецеся, -а́юцца; зак.

Раз’ехацца — пра ўсіх, многіх.

Госці параз’язджаліся.

паразяўля́ць, 1 і 2 ас. адз. не ўжыв., -я́е; -я́ем, -я́еце, -я́юць; зак., што.

Разявіць (рот, пашчу) — пра ўсіх, многіх.

П. раты.

пара́іцца гл. ра́іцца.

пара́іць гл. ра́іць.

парако́нны, -ая, -ае.

Запрэжаны парай коней.

Параконная запрэжка.

параксі́зм, -у, м. (кніжн.).

Моцны прыступ хваробы (пачуцця), які адбываецца перыядычна.

П. кашлю.

П. адчаю.

|| прым. параксізма́льны, -ая, -ае.

паралелагра́м, -а, мн. -ы, -аў, м.

У матэматыцы: чатырохвугольнік, процілеглыя бакі якога роўныя і паралельныя.