Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

а́рка

(іт. arco, ад лац. arcus = дуга)

1) перакрыцце ў форме дугі паміж дзвюма апорамі збудавання (напр. а. моста);

2) збудаванне ў выглядзе варот з дугападобным перакрыццем.

арка́да

(фр. arcade)

рад аднолькавых арак, якія апіраюцца на калоны і ўтвараюць адкрытую галерэю ўздоўж будынка.

Арка́дзія

(гр. Arkadia = назва гарыстай вобласці ў Грэцыі, насельніцтва якой у старажытнасці займалася жывёлагадоўляй)

вобраз ідэальнай краіны «шчаслівых пастухоў» у ідылічнай паэзіі.

арка́н

(цюрк. arkan)

доўгая вяроўка з пятлёй на канцы для лоўлі жывёл.

аркату́ра

(ням. Arkatur, фр. arcature, ад іт. arcata = аркада)

рад аднолькавых арак на фасадзе будынка або на сценах унутры памяшканняў.

аркбута́н

(фр. arc-boutant)

знешняя апорная каменная арка, што перадае распор скляпення ад сцяны да апорнага слупа (контрфорса).

аркебу́за

(фр. arquebuse)

вядомая ў 15—16 ст. у Зах. Еўропе, Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім ручная агнястрэльная зброя, якая зараджалася з дула.

арке́стр

(фр. orchestre, ад гр. orchestra = пляцоўка перад сцэнай для хору ў старажытнагрэчаскім іэатры)

1) група музыкантаў, аб’яднаных для сумеснага выканання на розных інструментах музычных твораў, а таксама сукупнасць музычных інструментаў для гэтага;

2) месца ў тэатры перад сцэнай, дзе размяшчаюцца музыканты.

аркестра́нт

(ад аркестр)

музыкант аркестра.

аркестро́ўка

(ад аркестр)

1) выклад аркестравага музычнага твора ў выглядзе партытуры, 2) пералажэнне для аркестра музычнага твора, напр. фартэпіяннага.