Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аэ́ды

(гр. aoidos = спявак)

песняры, якія ў пачатковы перыяд развіцця старажытнагрэчаскай літаратуры складалі і выконвалі песні пад акампанемент струннага інструмента.

аэра-

(гр. aer, aeros = паветра)

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «авіяцыйны», «паветраны».

аэрааты́т

(ад аэра- + атыт)

захворванне сярэдняга вуха, якое можа развівацца пры перападах бараметрычнага ціску.

аэрабіёз

(ад аэра- + -біёз)

жыццё ва ўмовах прысутнасці атмасфернага кіслароду.

аэрабіёнты

(ад аэра- + біёнты)

арганізмы, якія насяляюць сушу (параўн. гідрабіёнты).

аэрабія́с аэрабі́яс

(ад аэра- + гр. bios = жыццё)

сукупнасць арганізмаў, якія насяляюць сушу (параўн. гідрабіяс).

аэрабіясфе́ра

(ад аэра- + біясфера)

прыземны слой атмасферы (да вышыні 6—7 км), у якім пастаянна прысутнічаюць жывыя арганізмы і дзе яны пры пэўных умовах здольныя нармальна жыць і размнажацца.

аэравакза́л

(ад аэра- + вакзал)

будынак для абслугоўвання пасажыраў паветранага транспарту.

аэравізуа́льны

(ад аэра- + візуальны)

звязаны з назіраннямі, якія праводзяцца з лятальных апаратаў.

аэрагеліятэрапі́я

(ад аэра + геліятэрапія)

лячэнне сонечнымі прамянямі і паветрам.