Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

архітэ́ктар

(гр. architekton)

спецыяліст у галіне архітэктуры.

архітэкто́ніка

(гр. architektonike = будаўнічае майстэрства)

1) архіт. мастацкае выяўленне заканамернасцей будовы (у суразмернасці, прапарцыянальнасці, маштабнасці і інш.), уласцівых канструкцыйнай сістэме будынка;

2) будова мастацкага твора, якая абумоўлівае суадносіны яго галоўных і другарадных элементаў (параўн. кампазіцыя 1);

3) агульная карціна геалагічнай будовы, асаблівасцей залягання горных парод.

архітэкту́ра

(лац. architectura, ад гр. architekton = будаўнік)

1) майстэрства праектаваць і ўзводзіць будынкі;

2) характар, стыль будынка (напр. гатычная а.).

архі́ў

(лац. archivum, ад гр. archeion = урадавы будынак)

1) установа, дзе захоўваюцца і сістэматызуюцца пісьмовыя помнікі мінулага, старыя дакументы;

2) аддзел установы, дзе захоўваюцца старыя дакументы, скончаныя справы і інш.;

3) збор пісем, рукапісаў, фатаграфій, якія маюць адносіны да дзейнасці якой-н. арганізацыі, установы, асобы.

архіфане́ма

(ад архі- + фанема)

лінгв. агульнае ў гучанні парнапроціпастаўленых фанем без уліку іх уласцівасцей, на якіх заснавана карэляцыя.

архо́нт

(гр. archon, -ntos)

вышэйшая службовая асоба ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі.

арце́ль

(рус. артель, ад цюрк. artil = рэзерв)

аб’яднанне асоб пэўнай спецыяльнасці (рамяства) для сумеснай працы з удзелам у даходах паводле дамоўленасці і агульнай адказнасцю (напр. рыбалавецкая а., сельскагаспадарчая а.).

арцы́рыя

(н.-лац. arcyria)

слізявік, які развіваецца на гнілых дрэвах, ламаччы, пад карой пнёў, на апалым лісці.

арша́д

(фр. orgeat)

прахаладжальны напітак з працёртага міндалю, цукру і вады або малака.

аршы́н

(тат. aršyn)

мера даўжыні, роўная 71,12 см, якой карысталіся на Беларусі і ў Расіі да ўвядзення метрычнай сістэмы.