Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

артыкуляцы́йны

(ад артыкуляцыя)

які мае дачыненне да артыкуляцыі

артыкуля́цыя

(лац. articulatio)

1) работа органаў маўлення (губ, языка, мяккага паднябення, галасавых звязак) пры вымаўленні гукаў;

2) спосаб выканання паслядоўнага рада гукаў пры спевах і ігры на музычных інструментах;

3) мера якасці сістэмы сувязі, прызначаная для перадачы моўных паведамленняў.

артыле́рыя

(фр. artillerie)

1) гарматы розных канструкцый і калібраў для знішчэння жывой сілы, тэхнікі і ўмацаванняў праціўніка;

2) род войск з такім узбраеннем;

3) навука пра будову артылерыйскай зброі і яе баявое прымяненне.

арты́лія

(н.-лац. orthilis)

вечназялёная травяністая расліна сям. грушанкавых з дробнымі белымі кветкамі ў гронках, пашыраная ў халодных і ўмераных зонах; сісінец.

арты́ст

(фр. artiste, ад лац. ars = мастацтва)

1) прафесійны выканаўца ў галіне сцэнічнага мастацтва, цырка, кіно (акцёр, спявак, музыкант і інш.);

2) перан. вялікі ўмелец, віртуоз у якой-н. справе.

артысты́чны

(фр. artistique)

1) які мае адносіны да артыста, уласцівы яму (напр. а-ыя здольнасці, а-ая натура);

2) які вызначаецца артыстызмам, высокім майстэрствам, віртуознасцю.

арты́т

(ад гр. orthos = прамы)

мінерал класа сілікатаў бурага колеру, радыеактыўны; з’яўляецца сыравінай для атрымання рэдказямельных элементаў.

артышо́к

(ням. Artischocke, ад ар. al-charshof)

травяністая расліна сям. складанакветных з трубчастымі, мясістымі фіялетавымі кветкамі, пашыраная ў Міжземнамор’і і на Канарскіх астравах.

артэзія́нскі

(фр. artesien, ад Artua = назва французскай правінцыі)

які знаходзіцца ў глыбокіх ваданосных слаях пад натуральным ціскам;

а. калодзеж — калодзеж з труб, які падае глыбінную напорную ваду.

артэ́мія

(н.-лац. artemia, ад гр. artema = падвеска)

рачок падкласа жабраногіх, які жыве ў салёных азёрах і ліманах, а таксама разводзіцца на рыбазаводах на корм рыбнай моладзі.