Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

арагра́фія

(ад гр. oros = гара + -графія)

раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае рэльеф зямной паверхні.

ара́к

(ар. arag = пот)

моцны спіртны напітак, які гатуюць з соку какосавай, фінікавай пальмы або з рысу.

ара́кул

(лац. oraculum = прароцтва)

1) жрэц у старажытных грэкаў і рымлян, што прарочыў быццам ад бога, а таксама месца такіх прароцтваў;

2) іранічная назва чалавека, які прадказвае будучае або выказвае меркаванні, што прымаюцца многімі на веру.

ара́лія

(н.-лац. aralia)

кустовая расліна сям. араліевых з доўгім лісцем і дробнымі белымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў тропіках і субтропіках; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

ара́льны

(н.-лац. oralis, ад лац. os, oris = рот)

біял. ротавы, размешчаны ў вобласці рота (параўн. абаральны).

арамарфо́з

(ад гр. airo = падымаць + -марфоз)

адзін з напрамкаў эвалюцыі арганізмаў, які характарызуецца ўскладненнем іх будовы і функцыі, развіццём прыстасавальнай здольнасці да ўмоў асяроддзя (параўн. ідыяадаптацыя).

араматыза́цыя

(ад гр. aroma, -atos = пахучыя травы)

утварэнне араматычных злучэнняў;

а. нафтапрадуктаў — хімічная перапрацоўка нафты і нафтапрадуктаў для ўзбагачэння іх араматычнымі вугляводамі.

араматы́чны

(гр. aromatikos = пахучы);

а-ыя злучэнні — вуглевадароды (бензол, нафталін, антрацэн і інш.) і іх вытворныя (анілін, бензойная кіслата, фенол і інш.), якія змяшчаюць у малекуле цыклы з шасці атамаў вугляроду.

араме́трыя

(ада гр. oros = гара + -метрыя)

метады вымярэння формаў зямной паверхні.

арангла́уты

(малайск. oranglaut = марскі чалавек)

марскія вандроўнікі, жыхары Малайскага архіпелага, якія вандруюць з вострава на востраў.