Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ардынату́ра

(ад лац. ordinatus = упарадкаваны)

форма павышэння кваліфікацыі ўрачоў у вышэйшых навучальных і навукова-даследчых установах.

ардына́цыя

(польск. ordynacja, ад лац. ordinatio = упарадкаванне)

1) збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арганізацыі, суды ў сярэдневяковай Польшчы;

2) збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчынныя правы на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама родавы маёнтак, што пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіў як непадзельны і неадчужальны да аднаго нашчадка, звычайна старэйшага сына (напр. Нясвіжская а.).

арды́ншчына

(ад арда)

дзяржаўны падатак у Вялікім княстве Літоўскім у 15—16 ст., які ішоў на выплату даніны крымскаму хану.

ардэ́ны

(фр. Ardennes = назва ўзвышша ў Бельгіі)

парода цяжкавозаў, выведзеная ў Бельгіі.

ар’ерга́рд

(фр. arrière-garde)

частка войска, якая знаходзіцца ззаду галоўных сіл, каб у час руху абараніць іх ад нападу з тылу.

ар’ерсцэ́на

(ад фр. arrière = ззаду + сцэна)

задняя частка сцэны, якая з’яўляецца рэзервовым памяшканнем для ўстанаўлення дэкарацый.

а́рка

(іт. arco, ад лац. arcus = дуга)

1) перакрыцце ў форме дугі паміж дзвюма апорамі збудавання (напр. а. моста);

2) збудаванне ў выглядзе варот з дугападобным перакрыццем.

арка́да

(фр. arcade)

рад аднолькавых арак, якія апіраюцца на калоны і ўтвараюць адкрытую галерэю ўздоўж будынка.

Арка́дзія

(гр. Arkadia = назва гарыстай вобласці ў Грэцыі, насельніцтва якой у старажытнасці займалася жывёлагадоўляй)

вобраз ідэальнай краіны «шчаслівых пастухоў» у ідылічнай паэзіі.

арка́н

(цюрк. arkan)

доўгая вяроўка з пятлёй на канцы для лоўлі жывёл.