Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́РСКІ (Tarski) Альфрэд (14.1.1901, Варшава — 26.10.1983),

польска-амерыканскі логік і матэматык, адзін з заснавальнікаў семантыкі лагічнай. Скончыў Варшаўскі ун-т (1924), з 1926 яго дацэнт. З 1939 у ЗША, з 1942 у Гарвардскім ун-це, з 1946 праф. Каліфарнійскага ун-та. Лічыў логіку асновай усіх навук, гал. задача якой — вызначэнне дакладнага сэнсу тэрмінаў і выяўленне агульных заканамернасцей. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку алг. метадаў вылічэння прэдыкатаў, тэорый мностваў, мадэлей, матэм. логіку, логіку выказванняў. Сфармуляваў вызначэнне паняцця ісціны для большасці фармалізаваных моў. Аўтар прац па метадалогіі дэдуктыўных навук. Даследаванні Т. паўплывалі на развіццё семіётыкі і паслужылі ўзорам выкарыстання фармальных метадаў для аналізу змястоўных праблем і тэорый.

Тв.:

Рус. пер. — Обоснование научной семантики // Филос. и социол. мысль. 1996. № 1—2;

Понятие истины в языках дедуктивных наук // Философия и логика Львовско-Варшавской школы. М., 1999;

Введение в логику и методологию дедуктивных наук. Биробиджан, 2000.

т. 15, с. 443

ТАРТА́К, Лучыла,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача (цячэ праз возера), за 20 км на ПдЗ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,54 км², даўж. 1,76 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 11,4 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 116 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 6—9 м (на ПдУ 10—15 м), пад лесам. На ПнУ і ПдЗ пойма шыр. 100—150 м, парослая хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі пад хмызняком, забалочаныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй ілістае. Востраў пл. 0,1 га. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці. Ракой Ушача злучана з азёрамі Мурагі і Царкавішча.

т. 15, с. 444

ТА́РТАР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі бездань, прастора, што знаходзіцца ніжэй за аід, як неба вышэй за зямлю. Лічылася, што ў Т. залягаюць карані зямлі і мора, усе канцы і пачаткі. Тут жыве Нікта — багіня ночы. Нават багі баяцца трапіць у Т., дзе зняволены пераможаныя Зеўсам тытаны. Паводле пазнейшых міфаў, Т. — самае аддаленае месца аіда, дзе нясуць пакаранне дзёрзкія героі: Тантал, Сізіф, Пірыфой і інш.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 444

ТА́РТУ (Tartu),

горад на Пд Эстоніі. Каля 115 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Эмайыгі. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., паліграфічная. Тартускі універсітэт, с.-г. акадэмія. Музеі. Тэатр. Арх. помнікі: сабор Пятра і Паўла (13—15 ст.), касцёл Яані (14 ст.), ратуша (18 ст.), комплекс будынкаў ун-та (19 ст.).

У 10—11 ст. на месцы Т. было паселішча стараж. эстаў Тарпату. Упершыню ў летапісах упамінаецца пад 1030 як г. Юр’еў, пабудаваны Яраславам Мудрым. У 1224 захоплены ням. крыжаносцамі і перайменаваны ў Дэрпт; цэнтр біскупства. У 1-й пал. 13 ст. атрымаў гар. права. У 13—16 ст. чл. Ганзы, пасрэднік у гандлі з Псковам і Ноўгарадам. У час Лівонскай вайны 1558—83 заняты рус. войскамі, з 1582 пад уладай Рэчы Паспалітай, з 1625 — Швецыі. У 1632 засн. ун-т. У Паўночную вайну 1700—21 заняты рус. войскамі (1704) і паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721 далучаны да Расіі. З 1783 цэнтр павета Рыжскага намесніцтва (з 1796 — Ліфляндскай губ.). У 1893—1919 наз. Юр’еў, з 1919 — сучасная назва. У 1920 у Т. падпісаны мірны дагавор паміж Эстоніяй і РСФСР (гл. Савецка-эстонскія пагадненні). У 1919—40 і з 1991 у складзе незалежнай Эстоніі; у 1940—91 у Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1941—44).

т. 15, с. 444

ТА́РТУСКІ ДАГАВО́Р,

заключаны ў 1920 паміж РСФСР і Эстоніяй, гл. ў арт. Савецка-эстонскія пагадненні.

т. 15, с. 444

ТА́РТУСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Адкрыты ў 1632 у г. Дэрпт (цяпер Тарту, Эстонія) паводле загаду шведскага караля Густава II Адольфа аб заснаванні Акадэміі Густавіяна. У сувязі з ваен. дзеяннямі працаваў з перапынкамі да 1710. У 1802 аднавіў дзейнасць (адзіны ў Рас. імперыі ун-т, дзе выкладанне вялося на ням. мове). З 1889 лекцыі чыталіся на рус. мове, з 1.12.1919 — на эстонскай. З 1893 у сувязі з перайменаваннем горада наз. Юр’еўскі, з 1919 — Тартускі. У 2001/02 навуч. г. больш за 15 тыс. студэнтаў і каля 900 выкладчыкаў; ф-ты: тэалагічны, юрыд., мед., філас., біёлага-геагр., фізіка-хім., эканам., матэматыка-інфарм., сац. навук, адукацыі, фіз. культуры. Пры ун-це працуюць 3 каледжы.

т. 15, с. 444

ТАРТЭ́ЛА (Tortella),

род брыевых імхоў сям. трыхастомавых. 37 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі Т. звілістая (T. tortuosa), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў ельніках, на вапнава-пясчанай гальцы. на сценах старых бетонных збудаванняў.

Шматгадовыя, адна- ці двухдомныя, наглебавыя або наскальныя імхі. Сцёблы прамастойныя, простыя ці вілавата разгалінаваныя, выш. 0,5—10 см. Лісце даўж. да 8 мм, адыходнае, яйцападобна-ланцэтнае, лінейнае, хвалістае, завостранае або тупаватае. Спарагоній верхавінкавы, з падоўжанай ножкай. Каробачка прамастойная ці нахіленая, прамая або сагнутая. Вечка з дзюбкай.

Тартэла звілістая.

т. 15, с. 444

ТАРУ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Toruńskie),

былая адм.-тэр. адзінка на Пн Польшчы. З 1999 у складзе Куяўска-Паморскага ваяводства.

т. 15, с. 444

ТАРУ́НСКІ МІР 1411,

мірны дагавор паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і Польскім каралеўствам і ВКЛ з другога, падпісаны 1 лют. ў г. Торунь. Завяршыў Вялікую вайну 1409—11. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 Тэўтонскі ордэн рыхтаваўся да рэваншу. Польскі кароль Ягайла і вял. кн. ВКЛ Вітаўт перад пагрозай вайны на 2 фронты (з ордэнам і яго саюзнікам герм. імператарам Зыгмунтам Люксембургскім) пагадзіліся на часовае прымірэнне з Тэўтонскім ордэнам, які паводле Т.м. адмовіўся ад Жамойці і яцвяжскіх зямель на карысць ВКЛ (толькі на перыяд жыцця Ягайлы і Вітаўта), а Польшчы вярнуў Добжыньскую зямлю і абавязаўся выплаціць 100 тыс. коп чэш. грошаў. Палавінчаты характар Т.м. абумовіў далейшае нарастанне напружанасці паміж яго ўдзельнікамі і іх падрыхтоўку да новай вайны.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 444

ТАРУ́НСКІ МІР 1466,

мірны дагавор паміж Тэўтонскім ордэнам і Польшчай, падпісаны 19 кастр. ў г. Торунь. Завяршыў Трынаццацігадовую вайну 1454—66. Тэўтонскі ордэн прызнаваў сябе васалам польскага караля і перадаваў непасрэдна ў склад Польшчы Гданьскае Памор’е, Хэлмскую зямлю, землі па Вісле з Мальбаркам і Эльблангам, Вармію. Самастойнасць знешняй палітыкі ордэнскай дзяржавы абмяжоўвалася. Кожны новаабраны вял. магістр ордэна мусіў прысягаць на вернасць польскаму каралю і абяцаць захоўваць пастановы Т.м.; ён уваходзіў у склад польскага сената.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 444