ТА́РТАР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі бездань, прастора, што знаходзіцца ніжэй за аід, як неба вышэй за зямлю. Лічылася, што ў Т. залягаюць карані зямлі і мора, усе канцы і пачаткі. Тут жыве Нікта — багіня ночы. Нават багі баяцца трапіць у Т., дзе зняволены пераможаныя Зеўсам тытаны. Паводле пазнейшых міфаў, Т. — самае аддаленае месца аіда, дзе нясуць пакаранне дзёрзкія героі: Тантал, Сізіф, Пірыфой і інш.
А.Г.Зельскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)