ТА́РТУ (Tartu),
горад на Пд Эстоніі. Каля 115 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Эмайыгі. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., паліграфічная. Тартускі універсітэт, с.-г. акадэмія. Музеі. Тэатр. Арх. помнікі: сабор Пятра і Паўла (13—15 ст.), касцёл Яані (14 ст.), ратуша (18 ст.), комплекс будынкаў ун-та (19 ст.).
У 10—11 ст. на месцы Т. было паселішча стараж. эстаў Тарпату. Упершыню ў летапісах упамінаецца пад 1030 як г. Юр’еў, пабудаваны Яраславам Мудрым. У 1224 захоплены ням. крыжаносцамі і перайменаваны ў Дэрпт; цэнтр біскупства. У 1-й пал. 13 ст. атрымаў гар. права. У 13—16 ст. чл. Ганзы, пасрэднік у гандлі з Псковам і Ноўгарадам. У час Лівонскай вайны 1558—83 заняты рус. войскамі, з 1582 пад уладай Рэчы Паспалітай, з 1625 — Швецыі. У 1632 засн. ун-т. У Паўночную вайну 1700—21 заняты рус. войскамі (1704) і паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721 далучаны да Расіі. З 1783 цэнтр павета Рыжскага намесніцтва (з 1796 — Ліфляндскай губ.). У 1893—1919 наз. Юр’еў, з 1919 — сучасная назва. У 1920 у Т. падпісаны мірны дагавор паміж Эстоніяй і РСФСР (гл. Савецка-эстонскія пагадненні). У 1919—40 і з 1991 у складзе незалежнай Эстоніі; у 1940—91 у Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1941—44).
т. 15, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)