ТА́РСКІ (Tarski) Альфрэд (14.1.1901, Варшава — 26.10.1983),

польска-амерыканскі логік і матэматык, адзін з заснавальнікаў семантыкі лагічнай. Скончыў Варшаўскі ун-т (1924), з 1926 яго дацэнт. З 1939 у ЗША, з 1942 у Гарвардскім ун-це, з 1946 праф. Каліфарнійскага ун-та. Лічыў логіку асновай усіх навук, гал. задача якой — вызначэнне дакладнага сэнсу тэрмінаў і выяўленне агульных заканамернасцей. Зрабіў значны ўклад у распрацоўку алг. метадаў вылічэння прэдыкатаў, тэорый мностваў, мадэлей, матэм. логіку, логіку выказванняў. Сфармуляваў вызначэнне паняцця ісціны для большасці фармалізаваных моў. Аўтар прац па метадалогіі дэдуктыўных навук. Даследаванні Т. паўплывалі на развіццё семіётыкі і паслужылі ўзорам выкарыстання фармальных метадаў для аналізу змястоўных праблем і тэорый.

Тв.:

Рус. пер. — Обоснование научной семантики // Филос. и социол. мысль. 1996. № 1—2;

Понятие истины в языках дедуктивных наук // Философия и логика Львовско-Варшавской школы. М., 1999;

Введение в логику и методологию дедуктивных наук. Биробиджан, 2000.

т. 15, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)