Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАНЗІЛІ́Т (ад лац. tonsilla міндалепадобная залоза) хранічны, хранічнае запаленне глотачных міндалін (пераважна паднябенных). Узбуджальнікі: гемалітычны стрэптакок групы А, стафілакокі, вірусы, грыбкі. Бывае Т. кампенсаваны (пачырваненне і рубцовыя змены міндалін, гнойныя пробкі, пачырваненне і патаўшчэнне краёў нёбных паднябенных дужак, павелічэнне і балючасць шыйных і падсківічных лімфавузлоў, боль, сухасць, непрыемны пах з рота і інш.) і дэкампенсаваны (частыя абвастрэнні, узнікненне каляміндалінных абсцэсаў, субфебрыльная т-ра цела і інш.). Прыводзіць да развіцця пашкоджанняў сэрца, рэўматызму, сепсісу. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (танзілектамія).

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 421

ТАНЗІМА́Т (ад араб. танзім — упарадкаванне),

назва рэформ у Турцыі ў сярэдзіне 19 ст., якія мелі на мэце ўзмацненне Асманскай імперыі. Пачаліся з выдання 3.11.1839 султанам рэскрыпта з абяцаннем забяспечыць недатыкальнасць жыцця, гонару і маёмасці ўсіх падданых. уладкаваць падаткаабкладанне, правесці ваен. рэформу. У далейшым прыняты крымінальны і камерцыйны кодэксы, скасавана сістэма водкупаў, створаны першыя свецкія школы, рэарганізавана адм. кіраванне краінай, уведзены ўсеагульны ваен. абавязак (для мусульман). Але з-за супраціўлення кансерватараў і мусульм. духавенства рэформы ажыццёўлены толькі часткова. Рэскрыптам ад 18.2.1856 засн. першыя банкі, зроблены крокі па юрыд. афармленні сістэмы прыватнай маёмасці на зямлю. Аднак з прыходам да ўлады Абдул-Хаміда II у 1876 рэформы прыпынены.

т. 15, с. 421

ТАНЗУ́РА (ад лац. tonsura стрыжка),

паголенае месца на макушцы галавы, знак прыналежнасці да каталіцкага духавенства.

т. 15, с. 421

ТАНІ́НА-АНІ́ЎСКІ ПАЎВО́СТРАЎ На ПдУ в-ва Сахалін, Расія. Абмываецца Ахоцкім м. Заканчваецца на Пн мысам Свабодны (Танін), на Пд — мысам Аніва. Даўж. 90 км, шыр. 3—19 км. З Сахалінам злучаны Мураўёўскім перашыйкам. Уздоўж узбярэжжа цягнецца Таніна-Аніўскі горны хрыбет (выш. да 670 м). Ялова-піхтавая тайга ахоцкага тыпу.

т. 15, с. 421

ТАНІ́НЫ (ад франц. tanner дубіць скуру),

група фенольных злучэнняў раслін. Паводле хім. будовы — складаныя эфіры фенолкарбонавых к-т (напр., галавай) з многаатамнымі спіртамі (напр., глюкозай), кандэнсаваныя фенолы і інш.

Ёсць у кары, драўніне, лісці і (або) пладах многіх відаў раслін (напр., у кары дуба да 20% Т., вярбы да 13%). Маюць вяжучыя ўласцівасці. Асаджаюць бялкі з раствораў. Прыгнечваюць рост многіх патагенных для раслін мікраарганізмаў, ахоўваюць расліны ад паядання жывёламі (антыфіданты). Выкарыстоўваюцца пры дубленні скур, у медыцыне.

т. 15, с. 422

ТАНІ́РАВАННЕ, вірыраванне,

спосаб апрацоўкі пазітыўных фатагр. відарысаў з мэтай змены іх афарбоўкі. Відарысы афарбоўваюць у карычневы, сіні, зялёны, чырвоны ці інш. колер (часам у навук. фатаграфіі ў 2 колеры). Пры прамым (1-растворным) Т. серабро відарыса пераводзіцца ў афарбаваную соль серабра. Пры непрамым (2- ці 3-растворным) Т. відарыс спачатку адбельваецца (гл. Адбельванне фатаграфічнае), пасля афарбоўваецца.

т. 15, с. 422

ТАНІРО́ЎКА,

дэкаратыўная апрацоўка скульптуры (гал. чынам з танных матэрыялаў — металу, гіпсу і інш.) з дапамогай розных хімічных рэчываў з мэтай імітацыі інш. матэрыялу (бронзы, мармуру, медзі, дрэва і інш.). Садзейнічае больш выразнаму выяўленню пластычных форм. Т. наз. таксама прыглушэнне фарбамі белых і інш. плям пры рэстаўрацыі твораў жывапісу і графікі.

т. 15, с. 422

ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),

сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).

Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.

Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.​Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна). На аснове ўкр. нар. верша Т.​Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.​Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь» М.​Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.​Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.​Танка, П.​Панчанкі, К.​Кірэенкі і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 422

ТАНК (англ. tank бак, рэзервуар),

баявая гусенічная браніраваная машына высокай праходнасці і рухомасці; асн. від узбраення танкавых войск. Здольны выяўляць і паражаць розныя цэлі на полі бою, ажыццяўляць манеўры і захоўваць баяздольнасць пры агнявым» дзеянні праціўніка, здзяйсняць мама на вял. адлегласці, пераадольваць перашкоды і загароды. Забяспечваюць войскам магчымасць прарыву абароны праціўніка, развіцця поспеху, арганізацыі трывалай абароны, вядзення высокаманеўраных баявых дзеянняў. Падзяляліся на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т), цяжкія (больш за 40 т). З 1960-х г. Выкарыстоўваецца баявы Т. шматмэтавага прызначэння. Асн. ўзбраенне — гармата калібру 105—152 мм, дапаможнае — 1—3 кулямёты (спараныя, зенітныя), часам таксама агнямёты, рэактыўнае ўзбраенне. Экіпаж 3—4 чал. скорасць 41—70 км/гадз, маса 36—55 т. На ўзбраенні армій шэрагу краін ёсць лёгкія авіятранспартабельныя Т. («амфібіі»).

Асн. элементы канструкцыі Т.: бранявы корпус і вежа (літыя або зварныя). комплекс узбраення (асн. і дапаможная зброя, сістэм кіравання агнём, боепрыпасы і інш.), сілавая ўстаноўка (поршневыя і газатурбінныя рухавікі ўнутр. згарання), сілавая перадача (мех., гідрамех. і электрамех. трансмісіі), хадавы частка, электраабсталяванне (сістэмы энергазабеспячэння і эл. пуску рухавіка, прылады кантрольна-вымяральныя. асвятлення і сігналізацыі), сродкі сувязі (радыёстанцыі), спец. абсталяванне (проціпажарнае, сістэм аховы ад зброі масавага паражэння і маскіроўкі). Для пераадолення водных перашкод (глыб. да 6 м) Т. аснашчаюцца абсталяваннем падводнага ваджэння, вадаходным рухачом.

Першыя праекты Т. прапанаваны ў Расіі (В.​Дз.​Мендзялееў, А.​А.​Парахоўшчыкаў. 1911—15), Вялікабрытаніі (Д.​Моль, 1912), Аўстра-Венгрыі (Г.​Бурштын, 1913). Пабудаваныя ў 1915—16 у Вялікабрытаніі Т. (32 «Марк-І») упершыню выкарыстаны ў верасні 1916 на р. Сома (Пн Францыі) у баі англа-франц. войск з германскімі, «Марк-IV» — у 1917. Т. выпускаліся таксама ў Францыі (з 1916). Германіі (з 1918), ЗША (з канца 1-й сусв. вайны). Браня гэтых Т. ахоўвала ад куль і лёгкіх асколкаў, яны прызначаліся ў асн. для падтрымкі пяхоты і выкарыстоўваліся абмежавана. Сав. Т. пачалі выпускацца ў 1920; у 1931—38 — лёгкія Т-26, БТ, сярэднія Т-28, цяжкія Т-35, танкеткі Т-27, малыя плаваючыя Т-37, Т-38. У 1938—40 створаны Т. з проціснарадным браніраваннем: сярэдні Т-34 (з 76-мм даўгаствольнай гарматай, канструктар М.І.Кошкін і інш.) і цяжкі КВ-1. Удасканалены ў 1943 Т-34-85 стаў лепшым Т. 2-й сусв. вайны. У гады Вял. Айч. вайны ў СССР выпускаліся Т. КВ-ІС (1941), КВ-85 (1943), 1С-1 (1943) і інш. На базе Т. былі створаны самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Германія ў 2-й сусв. вайне выкарыстоўвала Т. лёгкія Т-I, Т-II, сярэднія Т-III (пры нападзе на Польшчу, Францыю, СССР), Т-IV, цяжкія Т-V «Пантэра» і Т-VI «Тыгр» (1943); ЗША — М-4 «Шэрман» (асн. Т. саюзнікаў пасля 1942), М-26. Сярэднія і цяжкія Т. 2-й сусв. вайны былі аднавежавыя, з проціснарадным браніраваннем, узброены гарматамі 50—122 мм. У пасляваен. перыяд Т. канструяваліся з улікам магчымасці іх выкарыстання ва ўмовах ядз. вайны. У 1980-х г. у СССР з’явіліся Т-72Б (найб. пашыраныя ва Узбр. Сілах Беларусі), Т-72БВ, Т-80У, Т-80УД, Т-84. Найб. аптымальныя баявыя і эксплуатацыйна-тэхн. якасці ў танка Т-90 (Расія). Найб. вядомыя Т. зах. краін: «Леапард» 2 (ФРГ. прыняты на ўзбраенне ў 1979), МІ «Абрамс» (ЗША. 1980), «Чэленджэр» (Вялікабрытанія), «Леклерк» (Францыя), «Меркава» (Ізраіль). Асн. іх асаблівасць — істотнае павышэнне жывучасці на полі бою за кошт павелічэння браніравання, зніжэння сілуэта. выкарыстання большых вуглоў нахілу зварных бранявых канструкцый. камбінаванай і разнесенай брані ў корпусе і вежы, сродкаў па лакалізацыі пашкоджанняў. Яны аснашчаны дасканалымі комплексамі ўзбраення, магутнымі рухавікамі. гідрамех. трансмісіяй. Існуюць і бязвежавыя Т. (шведскі STRV-103).

Літ.:

Танки и танковые войска. М., 1970;

Современные танки. М., 1995;

Энциклопедия танков: Полная энцикл. танков мира. 1915—2000 гг. / Сост. Г.​Л.​Холявский. Мн., 2000;

Современная бронетанковая техника: Справ. пособие. Мн., 1998;

Шунков В.В. Танки. Мн., 2000.

М.​П.​Брэль.

Танк: а — боепрыпасы для 125-міліметровай танкавай гарматы; б — схема танка (1 — паліўныя бакі; 2 — зарады; 3 — снарады; 4 — гармата; 5 — спараны кулямёт; 6 — зенітны кулямёт з дыстанцыйным кіраваннем; 7 — рухавік; 8 — боеўкладка аўтамата зараджання; 9 — апорныя каткі).
Танкі 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — англійскі «Марк-IV»; 2 — нямецкі Т-III; 3 — М4 «Шэрман» (ЗША); 4 — сярэдні савецкі Т-34-85 (1943).
Сучасныя танкі: 1 — Т-72Б (на ўзбраенні ў арміі Беларусі); 2 — M1A2 «Абрамс» (ЗША); 3 — «Леапард 2Е» (ФРГ); 4 — «Леклерк» (Францыя); 5 — «Меркава-3» (Ізраіль); 6 — Т-90С (Расія).

т. 15, с. 422

ТАНК Максім (сапр. Скурко Яўген Іванавіч; 17.9.1912, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 7.8.1995),

бел. паэт, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1968). Акад. АН Беларусі (1972). Герой Сац. Працы (1974). У 1916—21 з бацькамі-бежанцамі апынуўся ў Маскве. У 1922 сям’я вярнулася ў Пількаўшчыну. Вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай, Віленскай бел. гімназіях. У 1932 за ўдзел у падп. камсамольскай рабоце арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму (праз месяц вызвалены). Працаваў інструктарам ЦК КСМЗБ (1932—33), вёў рэв. дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднойчы быў арыштаваны, прасядзеў у турмах каля 2 гадоў. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) працаваў у сельскім к-це, у газ. «Віленская праўда», вілейскай абл. «Сялянскай газеце». У пач. Вял. Айч. вайны эвакуіраваўся ў г. Саратаў, уступіў у нар. апалчэнне. Пасля накіраваны на Бранскі фронт, супрацоўнічаў у газ. «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў М.​Лынькоў. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1948—67 гал. рэдактар час. «Полымя». У 1967—90 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Свае першыя вершы змясціў у 1931 у рукапісным час. «Пралом» пад псеўд. А.​Граніт. Псеўданім Максім Танк з’явіўся 7.4.1932 у львоўскай газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё». У канцы 1933 у турме пры падтрымцы палітвязняў выдаваў рукапісны час. «Краты» (выйшла 6 нумароў). З 2-й пал. 1930-х г. на рабоце ў легальных выданнях, што выяўлялі ідэі антыфаш. Нар. фронту: газ. «Наша воля», «Беларускі летапіс», што выдаваў Р.​Шырма, час. «Калоссе». Тут друкаваў вершы, апавяданні, літ.-крытычныя і публіцыст. артыкулы, у якіх адстойваў ідэі супраціўлення фашызму, нац. вызвалення. На сродкі Шырмы і КПЗБ у Вільні выйшаў першы яго зб. «На этапах» (1936, канфіскаваны). Кнігі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач» (абедзве 1937) таксама канфіскаваны польскімі ўладамі. Ранняя ідэйна-паліт. сталасць, шырыня светапогляду абумовілі хуткае яго станаўленне як мастака слова. Грунтоўнае веданне фальклору, творчая вучоба ў класікаў бел., рус., укр. і польск. л-р, шырокае знаёмства з еўрап. культурай паскорылі фарміраванне ўласнага паэт. стылю Т. Ад вучнёўскага пераймання, вобразнай ускладненасці, моўнай каструбаватасці паасобных вершаў паэт даволі хутка перайшоў да самаст. маст. мыслення. Лёс і духоўны свет зах.-бел. працоўных выяўлены ім у грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыцы, гумарыст. і сатыр. вершах, баладах, песнях, казках, героіка-рамант. паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»). У час Вял. Айч. вайны ў яго творчасці пераважалі сатыр.-выкрывальныя і публіцыст.-пафасныя жанры. Заклікі змагацца супраць фашызму, нічога не шкадаваць дзеля перамогі, паэтызацыя подзвігу воіна, услаўленне неўміручасці роднага краю, народа, культуры і мовы — асн. матывы яго ваен. лірыкі («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Родная мова»). У паэме «Янук Сяліба» (1943) імкнуўся паказаць героіку партыз. руху на Беларусі. Патрыят. творы ваен. гадоў склалі кн. «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абедзве 1945). Гордасць народа-пераможцы, радасць працы, сум па цяжкіх стратах у зб-ках «Каб ведалі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957, Літ. прэмія імя Я.​Купалы 1959). У пасляваен. творчасці паэт звярнуўся да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых і хлебаробаў. Паглыбленне гуманіст. пачатку, узмацненне філасафічнасці лірыкі, пашырэнне і ўдасканаленне сродкаў паэт. выяўлення сталі вядучымі стылёвымі дамінантамі творчасці Т. 1960—1980-х г.: зб-кі «Мой хлеб надзённы» (1962. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1966), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972, Ленінская прэмія 1978), «Прайсці праз вернасць» (1979, Літ. прэмія імя А.​Фадзеева 1980), «За маім сталом» (1984). Паэзія Т. глыбока народная і нацыянальная, разуменне ім маралі, дабра і зла, прыгожага і агіднага грунтуецца на этычных і эстэт. поглядах бел. хлебароба. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуалізм; шырокамаштабнасць. найноўшыя маст. формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет і інш.) арганізацыі верша. З канца 1950-х г. у яго паэзіі адрадзіўся сатыр. жанр (зб. «Селядцы з вершамі», 1966). Сувязь з фальклорам выявілася ў вершах для дзяцей (зб-кі «Галінка і верабей», 1946; «Казкі лірніка», 1948; «Ехаў казачнік Бай», 1955; «Светлячок». 1970; «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні», 1979; «Лемантар», 1993). Выступаў і як празаік-дакументаліст (кніга-дзённік «Лісткі календара», 1970). Многія творы паэта пакладзены на музыку. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.​Пушкіна, А.​Міцкевіча, Ю.​Славацкага, У.​Маякоўскага, У.​Бранеўскага і інш. Ганаровы грамадзянін г. Мінск (1987), г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1992). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1966—86).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1966—67;

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1978—81.

Літ.:

Бугаёў Дз. Паэзія Максіма Танка. Мн., 1964;

Рагойша В. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968;

Калеснік У.А. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;

Верабей А. Максім Танк і польская літаратура. Мн., 1984;

Арочка М. Максім Танк: Жыццё ў паэзіі. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

М.Танк.

т. 15, с. 423