ТАНЗІЛІ́Т (ад лац. tonsilla міндалепадобная залоза) хранічны, хранічнае запаленне глотачных міндалін (пераважна паднябенных). Узбуджальнікі: гемалітычны стрэптакок групы А, стафілакокі, вірусы, грыбкі. Бывае Т. кампенсаваны (пачырваненне і рубцовыя змены міндалін, гнойныя пробкі, пачырваненне і патаўшчэнне краёў нёбных паднябенных дужак, павелічэнне і балючасць шыйных і падсківічных лімфавузлоў, боль, сухасць, непрыемны пах з рота і інш.) і дэкампенсаваны (частыя абвастрэнні, узнікненне каляміндалінных абсцэсаў, субфебрыльная т-ра цела і інш.). Прыводзіць да развіцця пашкоджанняў сэрца, рэўматызму, сепсісу. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (танзілектамія).

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)