ТАНЗІМА́Т (ад араб. танзім — упарадкаванне),

назва рэформ у Турцыі ў сярэдзіне 19 ст., якія мелі на мэце ўзмацненне Асманскай імперыі. Пачаліся з выдання 3.11.1839 султанам рэскрыпта з абяцаннем забяспечыць недатыкальнасць жыцця, гонару і маёмасці ўсіх падданых. уладкаваць падаткаабкладанне, правесці ваен. рэформу. У далейшым прыняты крымінальны і камерцыйны кодэксы, скасавана сістэма водкупаў, створаны першыя свецкія школы, рэарганізавана адм. кіраванне краінай, уведзены ўсеагульны ваен. абавязак (для мусульман). Але з-за супраціўлення кансерватараў і мусульм. духавенства рэформы ажыццёўлены толькі часткова. Рэскрыптам ад 18.2.1856 засн. першыя банкі, зроблены крокі па юрыд. афармленні сістэмы прыватнай маёмасці на зямлю. Аднак з прыходам да ўлады Абдул-Хаміда II у 1876 рэформы прыпынены.

т. 15, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)