ТАНК Максім (сапр.Скурко Яўген Іванавіч; 17.9.1912, в. Пількаўшчына Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 7.8.1995),
бел. паэт, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Беларусі (1968). Акад.АН Беларусі (1972). Герой Сац. Працы (1974). У 1916—21 з бацькамі-бежанцамі апынуўся ў Маскве. У 1922 сям’я вярнулася ў Пількаўшчыну. Вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай, Віленскай бел. гімназіях. У 1932 за ўдзел у падп. камсамольскай рабоце арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму (праз месяц вызвалены). Працаваў інструктарам ЦК КСМЗБ (1932—33), вёў рэв. дзейнасць на Віленшчыне і Навагрудчыне. Неаднойчы быў арыштаваны, прасядзеў у турмах каля 2 гадоў. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (1939) працаваў у сельскім к-це, у газ. «Віленская праўда», вілейскай абл. «Сялянскай газеце». У пач.Вял.Айч. вайны эвакуіраваўся ў г. Саратаў, уступіў у нар. апалчэнне. Пасля накіраваны на Бранскі фронт, супрацоўнічаў у газ. «За Савецкую Беларусь», якую рэдагаваў М.Лынькоў. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». У 1948—67 гал. рэдактар час. «Полымя». У 1967—90 старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Свае першыя вершы змясціў у 1931 у рукапісным час. «Пралом» пад псеўд. А.Граніт. Псеўданім Максім Танк з’явіўся 7.4.1932 у львоўскай газеце-аднадзёнцы «Беларускае жыццё». У канцы 1933 у турме пры падтрымцы палітвязняў выдаваў рукапісны час. «Краты» (выйшла 6 нумароў). З 2-й пал. 1930-х г. на рабоце ў легальных выданнях, што выяўлялі ідэі антыфаш. Нар. фронту: газ. «Наша воля», «Беларускі летапіс», што выдаваў Р.Шырма, час. «Калоссе». Тут друкаваў вершы, апавяданні, літ.-крытычныя і публіцыст. артыкулы, у якіх адстойваў ідэі супраціўлення фашызму, нац. вызвалення. На сродкі Шырмы і КПЗБ у Вільні выйшаў першы яго зб. «На этапах» (1936, канфіскаваны). Кнігі «Журавінавы цвет» і паэма «Нарач» (абедзве 1937) таксама канфіскаваны польскімі ўладамі. Ранняя ідэйна-паліт. сталасць, шырыня светапогляду абумовілі хуткае яго станаўленне як мастака слова. Грунтоўнае веданне фальклору, творчая вучоба ў класікаў бел., рус., укр. і польск. л-р, шырокае знаёмства з еўрап. культурай паскорылі фарміраванне ўласнага паэт. стылю Т. Ад вучнёўскага пераймання, вобразнай ускладненасці, моўнай каструбаватасці паасобных вершаў паэт даволі хутка перайшоў да самаст.маст. мыслення. Лёс і духоўны свет зах.-бел. працоўных выяўлены ім у грамадзянскай, філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыцы, гумарыст. і сатыр. вершах, баладах, песнях, казках, героіка-рамант. паэмах («Нарач», «Каліноўскі», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля»). У час Вял.Айч. вайны ў яго творчасці пераважалі сатыр.-выкрывальныя і публіцыст.-пафасныя жанры. Заклікі змагацца супраць фашызму, нічога не шкадаваць дзеля перамогі, паэтызацыя подзвігу воіна, услаўленне неўміручасці роднага краю, народа, культуры і мовы — асн. матывы яго ваен. лірыкі («Падымайся, Беларусь», «Не шкадуйце, хлопцы, пораху», «Родная мова»). У паэме «Янук Сяліба» (1943) імкнуўся паказаць героіку партыз. руху на Беларусі. Патрыят. творы ваен. гадоў склалі кн. «Вастрыце зброю» і «Праз вогненны небасхіл» (абедзве 1945). Гордасць народа-пераможцы, радасць працы, сум па цяжкіх стратах у зб-ках «Каб ведалі» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1948), «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959). У пасляваен. творчасці паэт звярнуўся да гісторыі Беларусі, фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых і хлебаробаў. Паглыбленне гуманіст. пачатку, узмацненне філасафічнасці лірыкі, пашырэнне і ўдасканаленне сродкаў паэт. выяўлення сталі вядучымі стылёвымі дамінантамі творчасці Т. 1960—1980-х г.: зб-кі «Мой хлеб надзённы» (1962. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1966), «Хай будзе святло» (1972), «Нарачанскія сосны» (1972, Ленінская прэмія 1978), «Прайсці праз вернасць» (1979, Літ. прэмія імя А.Фадзеева 1980), «За маім сталом» (1984). Паэзія Т. глыбока народная і нацыянальная, разуменне ім маралі, дабра і зла, прыгожага і агіднага грунтуецца на этычных і эстэт. поглядах бел. хлебароба. Яго паэзіі ўласцівы інтэлектуалізм; шырокамаштабнасць. найноўшыя маст. формы і сродкі, багацце вобразнай, рытміка-меладычнай (верш сілаба-танічны, танічны, дольнік, верлібр), страфічнай (тэрцэт, катрэн, санет і інш.) арганізацыі верша. З канца 1950-х г. у яго паэзіі адрадзіўся сатыр. жанр (зб. «Селядцы з вершамі», 1966). Сувязь з фальклорам выявілася ў вершах для дзяцей (зб-кі «Галінка і верабей», 1946; «Казкі лірніка», 1948; «Ехаў казачнік Бай», 1955; «Светлячок». 1970; «Быліна пра касмічнае падарожжа мураша Бадзіні», 1979; «Лемантар», 1993). Выступаў і як празаік-дакументаліст (кніга-дзённік «Лісткі календара», 1970). Многія творы паэта пакладзены на музыку. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Пушкіна, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага, У.Маякоўскага, У.Бранеўскага і інш. Ганаровы грамадзянін г. Мінск (1987), г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1992). Сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР (1966—86).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1966—67;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1978—81.
Літ.:
Бугаёў Дз. Паэзія Максіма Танка. Мн., 1964;
Рагойша В. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968;
Калеснік У.А. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981;
Верабей А. Максім Танк і польская літаратура. Мн., 1984;