Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАРА́СА,

сцяна з двух радоў бярвён ці брусоў, прамежак паміж якімі запаўняўся зямлёй і каменнем; тып абарончага збудавання. Здаўна вядомы ў драўляным дойлідстве славян. У адрозненне ад гародняў Т. ўяўляла сабой суцэльную сцяну, падзеленую папярочнымі сценкамі на шэраг прамавугольных у плане адсекаў. У верхняй ч. мела баявы ярус з абламам, звычайна завершаным 2-схільным дахам. Вядома з 15 ст., на Беларусі — з 16 ст. (гарады Орша, Віцебск). У сувязі з развіццём артылерыі і заняпадам будаўніцтва драўляных абарончых збудаванняў сталі менш пашыранымі.

Тарасы.

т. 15, с. 436

ТАРА́САВА Ала Канстанцінаўна (6.2.1898, Кіеў — 5.4.1973),

расійская актрыса, педагог. Нар. арт. СССР (1937). Герой Сац. Працы (1973). З 1916 у 2-й студыі Маскоўскага Маст. т-ра, з 1924 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры (МХАТ; у 1951—55 в.а. дырэктара). Вучаніца К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі. З 1967 выкладала ў Школе-студыі МХАТ (з 1968 праф.). Валодала вял. сцэн. абаяльнасцю, тэмпераментам, выкананне вылучалася эмацыянальнасцю, лірызмам, рамант. рысамі. Актрыса пераважна рус. класічнага рэпертуару: Негіна, Юлія Тугіна («Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Таццяна («Ворагі». М.​Горкага), Ганна («Ганна Карэніна» Л.​Талстога), Маша, Ранеўская, Аркадзіна («Тры сястры», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава). Сярод інш. роляў: Дэздэмона («Атэла» У.​Шэкспіра), Марыя Сцюарт («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Алена («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Вольга («Хлеб» У.​Кіршона), Алена Макараўна («Страх» А.​Афінагенава) і інш. Здымалася ў кіно: «Навальніца», «Пётр I», «Без віны вінаватыя» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1947. 1949.

Літ.:

А.​К.​Тарасова: Док. и воспоминания. М., 1978.

А.Тарасава ў ролі Ганны Карэнінай.

т. 15, с. 436

ТАРА́САВА-РА́ТАМСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліп. 1941 — сак. 1942 у в. Тарасава і пас. Ратамка Мінскага р-на (кіраўнікі П.​М.​Бортнік, А.​І.​Вольскі, П.​Ф.​Кургаеў, В.​І.​Лошыцкі, Я.​У.​Саблер). Падпольшчыкі (28 чал.) вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, ратавалі і лячылі воінаў Чырв. Арміі. якія трапілі ў акружэнне. Па заданні Мінскага патрыят. падполля для стварэння партыз. атрада збіралі зброю і боепрыпасы, і да канца сак. 1942 група падпольшчыкаў і чырвонаармейцаў была падрыхтавана да выхаду ў лес. У ноч На 3 крас. фашысты арыштавалі і пасля катаванняў расстралялі кіраўнікоў і шмат удзельнікаў падполля. Паблізу в. Тарасава ў гонар падпольшчыкаў помнік.

т. 15, с. 436

ТАРА́САЎ Анатоль Уладзіміравіч (10.12.1918, Масква — 23.6.1995),

расійскі спартсмен, трэнер; адзін з заснавальнікаў сав. школы хакея з шайбай. Засл. майстар спорту СССР (1949). Засл. трэнер СССР (1957). Канд. пед. н. (1971). Палкоўнік. Чэмпіён СССР (1948, 1949, 1950). У 1947—75 трэнер хакейнай каманды ЦДКА/ЦСКА; у 1948—72 (з перапынкам) — зборнай каманды СССР па хакеі з шайбай, 3-разовага чэмпіёна Алімп. гульняў і 9-разовага — свету.

Тв.:

Тактика хоккея. М., 1963;

Хоккей грядущего. 2 изд М., 1971;

Путь к себе. М., 1974;

Настоящие мужчины хоккея. М., 1987;

Хоккей без тайн. М., 1988.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 436

ТАРА́САЎ Віктар Паўлавіч (н. 29.12.1934, г. Барнаул, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1967). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1957). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Добрыя знешнія даныя, тэмперамент, шчырасць абумовілі поспех Т. ў ролях маладых герояў: Кузьмін («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Міхаіл («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Вадзім («Выклік багам» А.​Дзялендзіка), Валерык («Трэцяя патэтычная» М.​Пагодзіна), Генадзь («Мільён за ўсмешку» А.​Сафронава) і інш. Дасканалым майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай, псіхал. дакладнасцю і адзінствам знешняй і ўнутр. характарнасці вызначаюцца ролі: Канстанцін Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Францыск Скарына («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Сцяпан Дзямідчык («Апошні журавель» А.​Дударава і А.​Жука), Мульцік («Вечар» Дударава), Салавейчык («Амністыя» М.​Матукоўскага), Ухватаў («Пагарэльцы» Макаёнка), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога), Дульчын («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Барон, Пратасаў («На дне», «Дзеці сонца» М.​Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Сафонаў («Рускія людзі» К.​Сіманава), Кэлін («Святая святых» І.​Друцэ), Бачана Рамішвілі («Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе), Ахмед Рыза («Дзівак» Назыма Хікмета) і інш. Здымаўся ў фільмах: «Першыя выпрабаванні», «Бацька», «Крушэнне імперыі», «Уваскрэсная ноч», «Соф’я Пяроўская», «Дзяржаўная граніца», «Дэбют», «Вадзіцель аўтобуса», «Песня пра зубра» і інш. Удзельнічаў у тэлепастаноўках: «Крах», «Людзі на балоце». Дзярж. прэмія Беларусі 1966.

Літ.:

Краўчанка Г. Віктар Тарасаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3;

Ярмалінская В. «Брава, Віктар!..»: Нарыс жыцця і творчасці нар. артыста СССР, акцёра Нац. акад. тэатра імя Янкі Купалы Віктара Тарасава. Мн., 1999.

В.​А.​Ракіцкі.

В.П.Тарасаў.
В.Тарасаў у ролі Пратасава.

т. 15, с. 436

ТАРА́САЎ Вячаслаў Аляксеевіч (17.10.1938, г. Растоў Яраслаўскай вобл., Расія — 20.1.1997),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1962). Працаваў у Рэсп. доме мадэлей у Мінску (1963—70), Бел. рэсп. т-ры юнага гледача (1971—75), з 1976 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў спектаклі «Пэпі — доўгая панчоха» (1970) і «Новыя прыгоды Карлсана» (1973) паводле А.​Ліндгрэн, «Зялёная птушка» К.​Гоцы, «Авадзень» Э.​Л.​Войніч (абодва 1972), «Дзяўчына і красавік» Т.​Ян (1971) і інш. Мастак мультфільмаў «Папяровая казка» (1976), «Светлячок і расінка» (1978), «Казка пра вясёлага клоуна» (1980), «Песня пра зубра» (1982), «Каўбойскія гульні» (1986) і інш. Працаваў таксама ў кніжнай графіцы (ілюстрацыі да твораў В.​Вольскага, К.​Кірэенкі, Лопэ дэ Вэгі, Ю.​Свіркі, А.​Твардоўскага, А.​Сімурава і інш.), станковым жывапісе («Салдаты», «Юнацтва», «Зялёны луг», «Акно», «Дзяцінства» і інш.).

В.Тарасаў. Ілюстрацыя да кнігі «П’есы» Лопэ дэ Вэгі. 1981.

т. 15, с. 437

ТАРА́САЎ Канстанцін Іванавіч (н. 10.10.1940, Мінск),

бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў БПІ (1965). Працаваў у геал. экспедыцыі, на заводзе ў Мінску, у выд-ве «Вышэйшая школа» (1967—75), на кінастудыі «Беларусьфільм», у перыяд. друку, у т. л. ў час. «Нёман» (1977—83), «Спадчына» (1989—95) і інш. Друкуецца з 1966. Піша на рус. і бел. мовах. Асн. тэма твораў — гіст. мінулае Беларусі. Аўтар аповесці пра Грунвальдскую бітву «Дзень рассеяння» (1980), зб. гіст.-літ. нарысаў «Памяць пра легенды: Беларускай даўніны галасы і абліччы» (1984), гіст. аповесцей «Пагоня на Грунвальд» (1980), рамана «Тры жыцці княгіні Рагнеды» (1994). Маральна-этыч. праблемы ў творах дэтэктыўнага жанру (зб-кі «У час Стральца», 1981; «Залатая горка...», 1998, і інш.).

Тв.:

Странствие в тесном кругу: Повести. Мн., 1986;

Памяць пра легенды: Постаці бел. мінуўшчыны. Мн., 1990;

Единственный свидетель — Бог: Повести. Мн., 1991;

Апошняе каханне князя Міндоўга. Мн., 2000;

Беларусь: Пст. падарожжа для дзяцей. Мн., 2000;

Крыж Памяці: Кароткі спіс войнаў, паўстанняў, рэпрэсій, катастрофаў, якія выпалі на лёс Беларусі за тысячагоддзе. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 437

ТАРА́САЎ Уладзімір Іванавіч (н. 10.9.1948, в. Шчыткавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1989), праф. (1998). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1975). З 1978 у Ін-це эканомікі Нац. АН Беларусі (з 1986 заг. аддзела, з 1989 нам. дырэктара), з 1994 у Нац. банку Рэспублікі Беларусь (з 1995 кіраўнік групы дарадчыкаў пры праўленні), з 1996 у Бел. эканам. ун-це, з 1999 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па праблемах грашова-крэдытнай палітыкі, банкаўскай справы і цэнаўтварэння.

Тв.:

Стоимость и цена машин в условиях интенсивного хозяйствования. Мн., 1985;

Теория цены на новую технику. Мн., 1989;

Денежно-кредитная политика Республики Беларусь: инструменты гос. регулирования. Мн., 1998;

Деньги, кредит, банки. Мн., 1998;

Современная монетарная политика. Мн., 1999;

Деньги. Денежно-кредитная политика. Банковское дело. Мн., 2001.

т. 15, с. 437

ТАРАСЕ́ВІЧ Лявон (н. 14.3.1957, ст. Валілы Падляскага ваяв., Польшча),

польскі мастак бел. паходжання. Скончыў Варшаўскую АМ (1984), з 1996 выкладае ў ёй. Творы, як правіла, без назваў, вял. памеру, увасабляюць адмысловае аўтарскае бачанне, паказваюць геаметрызаваныя зямныя краявіды ўзаранага поля, скошанага лугу, заснежанага лесу, сцяны дажджу, сухіх кветак, камянёў, а таксама Вял. Каньёна (ЗША). Вобразнасць і пераканаўчасць дасягаецца праз выкарыстанне мінімуму выяўл. сродкаў, чыстых і адкрытых фарбаў і колеру. Арганізатар Бел. аб’яднання студэнтаў (1981), Бел. дэмакр. аб’яднання (1990), рок-фестывалю «Басовішча» (1993).

В.​А.​Трыгубовіч.

Л.Тарасевіч. Без назвы. 1990.

т. 15, с. 437

ТАРАСЕ́ВІЧ Ян (Іван Аляксеевіч; 23.9.1889, г. Саколка Падляскага ваяв., Польшча — 18.6.1961),

піяніст, кампазітар, педагог. Скончыў Полацкі кадэцкі корпус (1903), Пецярбургскую кансерваторыю (1912, кл. М.​Быстрова; 1915, кл. Я.​Вітала). З 1912 выкладаў у прыватнай школе М.​Быстрова ў Пецярбургу; У 1918—45 у Саколцы і адначасова ў 1918—20 у Гродне; з 1947 у Беластоку ў школе Франкевічанак. На Беларусі збіраў фальклор. Яго творы адметныя развітой меладычнасцю, тэхн. дасканаласцю кампазіцыі, выкарыстаннем фальклору, у т. л. беларускага. Сярод твораў (захавалася 110) — канцэрт і 3 санаты для фп., Бел. фантазія, сюіты, вальсы, эцюды, прэлюдыі, фп. п’есы ў 4 рукі, творы для стр. інструментаў, хору, у т. л. на вершы Я.​Коласа і Ф.​Багушэвіча, рамансы на вершы М.​Багдановіча («Даўно ўжо целам я хварэю...» і «Плакала лета, зямлю пакідаючы...»), некат. рус. і польскіх паэтаў. Сярод вучняў Е.​Максымюк, А.​Брагінская, Т.​Казакевіч, В.​Кулікоўскі.

В.​І.​Скорабагатаў.

т. 15, с. 437