ТАРА́САЎ Віктар Паўлавіч (н. 29.12.1934, г. Барнаул, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1967). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1957). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Добрыя знешнія даныя, тэмперамент, шчырасць абумовілі поспех Т. ў ролях маладых герояў: Кузьмін («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Міхаіл («Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка), Вадзім («Выклік багам» А.​Дзялендзіка), Валерык («Трэцяя патэтычная» М.​Пагодзіна), Генадзь («Мільён за ўсмешку» А.​Сафронава) і інш. Дасканалым майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай, псіхал. дакладнасцю і адзінствам знешняй і ўнутр. характарнасці вызначаюцца ролі: Канстанцін Заслонаў («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Францыск Скарына («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Сцяпан Дзямідчык («Апошні журавель» А.​Дударава і А.​Жука), Мульцік («Вечар» Дударава), Салавейчык («Амністыя» М.​Матукоўскага), Ухватаў («Пагарэльцы» Макаёнка), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.​Горына), Няхлюдаў («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога), Дульчын («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Барон, Пратасаў («На дне», «Дзеці сонца» М.​Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Сафонаў («Рускія людзі» К.​Сіманава), Кэлін («Святая святых» І.​Друцэ), Бачана Рамішвілі («Закон вечнасці» паводле Н.​Думбадзе), Ахмед Рыза («Дзівак» Назыма Хікмета) і інш. Здымаўся ў фільмах: «Першыя выпрабаванні», «Бацька», «Крушэнне імперыі», «Уваскрэсная ноч», «Соф’я Пяроўская», «Дзяржаўная граніца», «Дэбют», «Вадзіцель аўтобуса», «Песня пра зубра» і інш. Удзельнічаў у тэлепастаноўках: «Крах», «Людзі на балоце». Дзярж. прэмія Беларусі 1966.

Літ.:

Краўчанка Г. Віктар Тарасаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1978. Кн. 3;

Ярмалінская В. «Брава, Віктар!..»: Нарыс жыцця і творчасці нар. артыста СССР, акцёра Нац. акад. тэатра імя Янкі Купалы Віктара Тарасава. Мн., 1999.

В.​А.​Ракіцкі.

В.П.Тарасаў.
В.Тарасаў у ролі Пратасава.

т. 15, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)