ТАРА́САЎ Вячаслаў Аляксеевіч (17.10.1938, г. Растоў Яраслаўскай вобл., Расія — 20.1.1997),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскі тэкстыльны ін-т (1962). Працаваў у Рэсп. доме мадэлей у Мінску (1963—70), Бел.рэсп. т-ры юнага гледача (1971—75), з 1976 на кінастудыі «Беларусьфільм». Аформіў спектаклі «Пэпі — доўгая панчоха» (1970) і «Новыя прыгоды Карлсана» (1973) паводле А.Ліндгрэн, «Зялёная птушка» К.Гоцы, «Авадзень» Э.Л.Войніч (абодва 1972), «Дзяўчына і красавік» Т.Ян (1971) і інш. Мастак мультфільмаў «Папяровая казка» (1976), «Светлячок і расінка» (1978), «Казка пра вясёлага клоуна» (1980), «Песня пра зубра» (1982), «Каўбойскія гульні» (1986) і інш. Працаваў таксама ў кніжнай графіцы (ілюстрацыі да твораў В.Вольскага, К.Кірэенкі, Лопэ дэ Вэгі, Ю.Свіркі, А.Твардоўскага, А.Сімурава і інш.), станковым жывапісе («Салдаты», «Юнацтва», «Зялёны луг», «Акно», «Дзяцінства» і інш.).
В.Тарасаў. Ілюстрацыя да кнігі «П’есы» Лопэ дэ Вэгі. 1981.