Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАПУРЫ́ДЗЕ Валянцін Багратавіч (13.1.1908, Тбілісі — 1980),

грузінскі скульптар. Нар. мастак Грузіі (1958). Правадз. чл. АМ СССР (1970). Скончыў Тбіліскую АМ (1931). Аўтар манум., эпічных па вобразным ладзе твораў: фігура «Перамога» і статуя А.​Цэрэтэлі на франтоне т-ра ў Чыятуры (1945—50), помнікі У.​Леніну ў Тбілісі (1956), Калінінградзе (1958), Руставі (1961) і інш. Працаваў таксама ў жанры партрэта («Акцёр Э.​Буш», 1966, і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1958.

В.Тапурыдзе. Перамога. Фігура на будынку Грузінскага драматычнага тэатра імя А.​Цэрэтэлі ў г. Чыятуры. 1950.

т. 15, с. 432

ТАПЧЭ́ЎСКІ Фелікс Феліксавіч [літ. псеўд. Хвэлька з Рукшэніц; каля 1838, б. фальварак Будзішча (Лёсава) Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1892], бел. паэт-дэмакрат. Скончыў Лепельскае дваранскае вучылішча. Працаваў у канцылярыі Віцебскага земскага суда. У 1864 арыштаваны за сувязь з паўстанцамі 1863—64, з-за недаказанасці выпушчаны. Працаваў упраўляючым у маёнтку Ухвішча (Полацкі р-н). Яго гумарыст. творы распаўсюджваліся ў рукапісах. Вершы «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Вечарынка», «Панскае ігрышча» (прыпісваўся і А.​Турыновічу) зберагліся ў рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» Б.​І.​Эпімах-Шыпілы. Дэмакратызм Т. выяўляўся праз тыпова сялянскае светабачанне лірычнага героя яго вершаў — назіральнага, дасціпнага, які высока цэніць чалавека працы, асуджае бурж. адносіны ў грамадстве, высмейвае шляхецкую культуру, але застаецца ў палоне патрыярхальных уяўленняў.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 86—91 Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 378—380.

У.​І.​Мархель.

т. 15, с. 432

ТАР, Тхар,

пустынная і паўпустынная вобласць у Індыі і Пакістане. Распасціраецца ўздоўж левабярэжжа ніжняга цячэння р. Інд на 850 км. Пл. каля 300 тыс. км². Пераважаюць выш. 100—200 м. Укрытыя расліннасцю пясчаныя грады, дзюны, барханы, вял. ўчасткі пяскоў. У маі—чэрв. моцныя вятры і пылавыя буры. Астанцовыя ўзвышшы складзены з пясчанікаў, гранітаў, кварцытаў. У паніжэннях — саланчакі, такыры, салёныя азёры. Разрэджаная кустовая расліннасць. Пашавая жывёлагадоўля. У аазісах і ў даліне р. Інд — арашальнае земляробства.

т. 15, с. 432

ТА́РА,

рака ў Расіі, правы прыток р. Іртыш (бас. р. Об). Даўж. 806 км, пл. бас. 18,3 тыс. км². Цячэ па Васюганскай раўніне. Асн. прытокі: Чэка, Майзас (справа). Сярэдні расход вады каля г.п. Мурамцава 39,1 м³/с. Суднаходная на 325 км ад вусця. Сплаўная.

т. 15, с. 432

ТА́РА (італьян. tara ад араб. тарха — тое, што адкінута),

ёмістасць для захоўвання, упакоўкі і транспарціроўкі прадуктаў і тавараў. Адрозніваюць Т. цвёрдую (бочкі, бітоны, скрынкі, бутэлькі), паўцвёрдую (кошыкі, кардонныя скрынкі) і мяккую (мяшкі); разавую і шматабаротную, якую, як правіла, належыць вяртаць пастаўшчыку (вытворцу) або здаваць таразбіральным арг-цыям; буйнагабарытную і малагабарытную; разборную, неразборную, складную; герметычную і негерметычную. Кошт Т. ўключаецца (цалкам ці часткова) у цану тавару. Закладная цана за Т. спаганяецца, калі гэта прадугледжваецца прэйскурантам ці ўмовамі пастаўкі. Парадак і тэрміны вяртання Т. вызначаюцца адпаведнымі інструкцыямі або дагаворам.

т. 15, с. 432

ТАРАЗЕ́ВІЧ Георгій Станіслававіч (н. 17.7.1937, в. Слабада Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

дзяржаўны і парт. дзеяч Беларусі. Канд. тэхн. н. (1969). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1959), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1987). З 1959 інжынер-геадэзіст, выкладчык Бел. ін-та інжынераў чыг. транспарту. З 1969 нач. Бел. картаграфічнага геад. прадпрыемства. У 1974—79 1-ы сакратар Савецкага райкома КПБ г. Мінск, 2-і сакратар Мінскага гаркома партыі. З 1980 старшыня Мінскага гарвыканкома, з 1983 1-ы сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1985—89 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР. У 1989—91 старшыня камісій Вярх. Савета СССР. З 1991 старшыня К-та па геадэзіі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1993 1-ы нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у 1994—95 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.

Чл. ЦК КПБ у 1974—91, ЦК КПСС у 1986—91. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1980—90, Вярх. Савета СССР у 1985—89. Нар. дэп. СССР у 1989—91.

Г.С. Таразевіч.

т. 15, с. 432

ТАРАКА́НАВА Лізавета (псеўд.; вядома пад імёнамі Франк, Шаль Трэмуйль, Алі Эметэ, прынцэса Уладзімірская, княгіня Пінеберг, Зялінская і інш.; каля 1745—15.12.1775),

авантурыстка-самазванка, якая выдавала сябе за дачку рас. імператрыцы Лізаветы Пятроўны і графа А.Р.Разумоўскага Аўгусту Аляксееўну Тараканаву, што ў 1785 паводле загаду Кацярыны II зняволена ў Іванаўскі манастыр у Маскве. У 1772 Т. абвясціла сябе ў Парыжы прэтэндэнткай на рас. прастол. У 1775 падманам арыштавана ў Італіі, прывезена ў Расію і зняволена ў Петрапаўлаўскай крэпасці, дзе памерла ад сухотаў. Паданне пра гібель Т. у час паводкі 1777 (сюжэт карціны К.​Дз.​Флавіцкага, 1864) не адпавядае рэчаіснасці.

Літ.:

Мельников П.И. Княжна Тараканова и принцесса Владимирская // Собр. соч. М., 1976. Т. 8;

Лунинский Э. Княжна Тараканова: Пер. с пол. М., 1991 [рэпр. выд.: М., 1909].

т. 15, с. 433

ТАРАКА́НАВЫЯ, тараканы (Blattoptera, або Blattodea),

атрад насякомых. Вядомы з карбону (каля 350 млн. г. назад). Больш за 3,6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць пад камянямі, у расл. подсціле, глебе, норах грызуноў, некат. «Іды: прусак, чорны таракан (Blatta orientalis) і інш. — у жыллі чалавека. Пашкоджваюць харч. прадукты, скураныя вырабы і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. На Беларусі 6 відаў (прусак, чорны, лапландскі тараканы і інш.).

Даўж. да 9,5 см. Цела пляскатае, авальнае. Вусікі доўгія, шматчленікавыя, шчацінкападобныя, Пярэднія крылы ператвораны ў шчыльныя надкрылы, заднія тонкія, перапончатыя, схаваныя пад надкрыламі; у некат. відаў надкрылы і крылы адсутнічаюць. Ногі бегальныя з 5-членікавымі лапкамі. Брушка падоўжанае. 8—10-членікавае. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца ад 3—4 мес да 4 гадоў. Некат. трапічныя віды жывародныя.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Тараканавыя. Тараканы: 1 — чорны; 2 — лапландскі; 3 — плямісты; 4 — горны (а — самец; б — самка).

т. 15, с. 433

ТАРАКА́Н РЫ́ЖЫ,

насякомае атр. тараканавых, гл. Прусак.

т. 15, с. 433

ТАРАКІ́ Нур Мухамед (14.7.1917, прав. Газні, Афганістан — 8.10.1979),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Афганістана. З канца 1930-х г. журналіст, аўтар празаічных і паэтычных твораў. З канца 1940-х г. у грамадска-паліт. руху «Віш зальміян» («Абуджаная моладзь»). На ўстаноўчым з’ездзе Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) у 1965 абраны яе ген. сакратаром. Пасля расколу НДПА у 1967 узначаліў яе фракцыю «Хальк», з 1977 — зноў ген. сакратар аб’яднанай НДПА. Арышт Т. і яго паплечнікаў выклікаў 27.4.1978 паўстанне кабульскага гарнізона, якое скінула рэжым М.Дауда і прывяло да ўлады НДПА. З мая 1978 Т. — старшыня Рэв. савета Дэмакр. Рэспублікі Афганістан, адначасова яе прэм’ер-міністр. Спроба адхіліць ад пасады свайго намесніка ў партыі і ўрадзе Х.Аміна ў вер. 1979 скончылася арыштам Т. і яго забойствам у турме.

Тв.:

Рус. пер. — Повести: Сб. М., 1987.

т. 15, с. 433