ТАРАКІ́ Нур Мухамед (14.7.1917, прав. Газні, Афганістан — 8.10.1979),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Афганістана. З канца 1930-х г. журналіст, аўтар празаічных і паэтычных твораў. З канца 1940-х г. у грамадска-паліт. руху «Віш зальміян» («Абуджаная моладзь»). На ўстаноўчым з’ездзе Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) у 1965 абраны яе ген. сакратаром. Пасля расколу НДПА у 1967 узначаліў яе фракцыю «Хальк», з 1977 — зноў ген. сакратар аб’яднанай НДПА. Арышт Т. і яго паплечнікаў выклікаў 27.4.1978 паўстанне кабульскага гарнізона, якое скінула рэжым М.Дауда і прывяло да ўлады НДПА. З мая 1978 Т. — старшыня Рэв. савета Дэмакр. Рэспублікі Афганістан, адначасова яе прэм’ер-міністр. Спроба адхіліць ад пасады свайго намесніка ў партыі і ўрадзе Х.Аміна ў вер. 1979 скончылася арыштам Т. і яго забойствам у турме.

Тв.:

Рус. пер. — Повести: Сб. М., 1987.

т. 15, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)