ТАРАКА́НАВЫЯ, тараканы (Blattoptera, або Blattodea),
атрад насякомых. Вядомы з карбону (каля 350 млн.г. назад). Больш за 3,6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць пад камянямі, у расл. подсціле, глебе, норах грызуноў, некат. «Іды: прусак, чорны таракан (Blatta orientalis) і інш. — у жыллі чалавека. Пашкоджваюць харч. прадукты, скураныя вырабы і інш. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., дызентэрыі) і яец гельмінтаў. На Беларусі 6 відаў (прусак, чорны, лапландскі тараканы і інш.).
Даўж. да 9,5 см. Цела пляскатае, авальнае. Вусікі доўгія, шматчленікавыя, шчацінкападобныя, Пярэднія крылы ператвораны ў шчыльныя надкрылы, заднія тонкія, перапончатыя, схаваныя пад надкрыламі; у некат. відаў надкрылы і крылы адсутнічаюць. Ногі бегальныя з 5-членікавымі лапкамі. Брушка падоўжанае. 8—10-членікавае. Ротавыя органы грызучыя. Усёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца ад 3—4 мес да 4 гадоў. Некат. трапічныя віды жывародныя.
С.Л.Максімава.
Да арт.Тараканавыя. Тараканы: 1 — чорны; 2 — лапландскі; 3 — плямісты; 4 — горны (а — самец; б — самка).