Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАРШЧЭ́ЎНІК

(Heracleum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя — баршчэўнік сібірскі (Heracleum sibiricum), які расце на ўзлесках, уздоўж дарог, каля жылля, на пустках і схілах, і звычайны (Heracleum sphondylium) — рэдкая расліна, занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, каля 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. вядомы баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi), што вырошчваўся як эксперым. сіласная культура і добра натуралізаваўся каля дарог, жылля, палёў і ў далінах рэк.

Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным галінастым сцяблом выш. да 5—6 м. Лісце чаргаванае, трайчастае, перыстае або двойчыперыстае. Кветкі дробныя, белыя, зеленавата-жоўтыя, ружовыя, у складаных парасоніках. Плод — яйцападобны або адваротнаяйцападобны плоскі віслаплоднік. Кармавыя, лек., дэкар., харч., меданосныя і эфіраалейныя расліны. Сок большасці відаў, асабліва баршчэўніка Сасноўскага, выклікае дэрматыты.

т. 2, с. 324

БАРШЧЭ́ЎСКІ Аляксандр Андрэевіч

(псеўд. Алесь Барскі;нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-р філал. н. (1984). Ганаровы д-р БДУ (1993). Акад. Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел. нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр. арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 324

БАРШЧЭ́ЎСКІ Лявон

(Леанід Пятровіч; нарадзіўся 4.3.1958, Полацк),

бел. перакладчык, літ.-знавец. Канд. філал. н. (1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1980). Выкладаў у Наваполацкім політэхн. ін-це (1981—84, 1987—90). З 1991 нам. дырэктара Бел. гуманітарнага адукацыйна-культ. цэнтра. Дэпутат Вярх. Савета Беларусі ў 1990—95. Друкуецца з 1985. Перакладае з стараж.-грэч., лац., ням., англ., франц., польскай, ісп. і інш. моў. У яго перакладзе выйшлі кн. Б.Брэхта «На шалях праўды» (1988), Н.Ленаў «Зірні ў паток» (1991), Г.Бёля «Більярд а палове дзесятай» (1993), Эсхіла «Прыкуты Праметэй» (1993) і інш. Аўтар-укладальнік дапаможнікаў «Хрэстаматыя па літаратуры народаў свету» (ч. 1, 1995), «Літаратура народаў свету» (ч. 1—2, 1995).

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 324

БАРШЧЭ́ЎСКІ Ян

(1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.Міцкевічам, Т.Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя.1994. № 11.

М.В.Хаустовіч.

т. 2, с. 325

БА́РЫ

(Bari),

горад на ПдУ Італіі. Адм. ц. правінцыі Бары. Засн. стараж. рымлянамі. 339 тыс. ж., з прыгарадамі 1,5 млн. ж. (1993). Порт на Адрыятычным м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Паромная сувязь з Харватыяй, Чарнагорыяй, Грэцыяй. Нафтаперапр., нафтахім., металургічная (у тым ліку стале- і трубапракатная), машынабуд., гумавая, лёгкая, дрэваапр., харчасмакавая, тытунёвая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. З 1930 міжнар. прамысл. Левантыйскі кірмаш. Ун-т. Нац. археал. музей, маст. галерэя. Арх. помнікі сярэднявечча.

т. 2, с. 325

БАРЫ́

(Barye) Антуан Луі (24.9.1795 ці 1796, Парыж — 25.6.1875),

французскі скульптар і жывапісец. Прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў скульптара Ф.Ж.Бозіо (з 1816) і жывапісца А.Гро (з 1817). Чл. Парыжскай АМ (1868). Аўтар пейзажаў і скульпт. выяў жывёл, адметных тонкасцю назірання натуры, часта ў драматычныя моманты барацьбы («Тыгр, які раздзірае кракадзіла», «Удаў, які душыць газель», 1830-я г.; рэльеф «Леў» на цокалі Ліпеньскай калоны ў Парыжы, 1836; 4 групы драпежнікаў перад Музеем мастацтваў у Марселі, 1868; усе ў бронзе).

т. 2, с. 325

БАРЫ́,

Дэ Бары (de Bary) Генрых Антон дэ (26.1.1831, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.1.1888), нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў мікалогіі і ліхеналогіі. Праф. ун-таў у Фрайбургу(1855), Гале (1867) і Страсбургу (1872). Навук. працы па марфалогіі, біялогіі і гісторыі развіцця грыбоў, лішайнікаў, міксаміцэтаў, водарасцяў, параўнальнай анатоміі вышэйшых раслін. Высветліў гетэратрофны характар жыўлення грыбоў; паказаў, што паразітныя грыбы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб вышэйшых раслін (1853); адкрыў і вывучыў палавы працэс у фікаміцэтаў і сумчатых грыбоў; даследаваў цыкл развіцця ржаўнікаў (1863); правёў шматлікія даследаванні водарасцяў-кан’югатаў. Прапанаваў першую філагенетычную сістэму грыбоў. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва 1884.

т. 2, с. 325

БАРЫ́ Ісідар Германавіч

(28.12.1906—1944),

бел. харавы дырыжор і педагог. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934). У 1922—25 кіраваў самадз. хорам у Гомелі. З 1934 у Мінску, выкладчык дырыжорска-хар. ф-та Бел. кансерваторыі, у 1937—41 маст. кіраўнік хору Бел. філармоніі. Аўтар партыз. песень, у тым ліку «Баявая партызанская».

Г.П.Зелянкова.

т. 2, с. 325

БАРЫ́ДЫ,

злучэнні металаў з борам. Маюць розную структуру, найб. пашыраны дыбарыды (МВ2) і гексабарыды (МВ6). Крышталічныя, утвараюць жорсткія падрашоткі ў выглядзе сетак, каркасаў. Барыдам уласцівы высокая цвёрдасць, металічная або паўправадніковая электраправоднасць, тугаплаўкасць, гарача- і зносаўстойлівасць, каразійная ўстойлівасць. Атрымліваюць з элементаў спяканнем ці сплаўліваннем у вакууме або аднаўленчым асяроддзі, аднаўленнем аксідаў металаў борам, сумессю бору з сажай ці карбідам бору. Выкарыстоўваюць у цвёрдых і гарачатрывалых сплавах, матэрыялах, як катоды магутных электронных прылад, абразівы, паглынальныя матэрыялы ў ядз. рэактарах, каталізатары, рэзістары.

т. 2, с. 325

БАРЫЁННЫ ЗАРА́Д,

барыённы лік, унутраная характарыстыка барыёнаў, звязаная з асаблівасцямі іх распаду і абумоўленая ўстойлівасцю пратона. Абазначаецца B. Для барыёнаў B = +1, для іх антычасціц B = −1, для кваркаў B = 1/3, для ўсіх астатніх часціц B = 0. Пры розных узаемадзеяннях элементарных часціц мае месца закон захавання барыённага зараду: алгебраічная сума барыённага зараду сістэмы часціц застаецца пастаяннай. Мяркуецца, што ў некаторых працэсах барыённы зарад можа і не захоўвацца, аднак іх імавернасць мізэрна малая.

т. 2, с. 325