Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАС

(італьян. basso літар. нізкі),

1) самы нізкі мужчынскі голас. Вылучаюць высокі, або пявучы, і нізкі, або глыбокі, у оперы таксама характарны, камічны буфонны бас. Высокі бас бывае лірычны, больш мяккі, з дыяпазонам G—f​1, і драматычны, больш моцны, з дыяпазонам F—e​1. Для высокага баса характэрныя сіла і моц на верхніх гуках і больш слабае гучанне нізкіх гукаў. Нізкі (цэнтральны) бас вылучаецца глыбокім, поўным гучаннем у нізкім рэгістры і напружаным — у верхнім, дыяпазон (C, D) E — d​1 (e​1). Самы нізкі від баса — т.зв. бас-актавіст, дыяпазон (A1) B1 — a (c​1).

2) Муз. інструменты нізкага (басовага) рэгістра (туба, кантрабас, саксафон-бас, домбра-бас, бас-кларнет).

3) Самая нізкая партыя шматгалосага муз. Твора.

т. 2, с. 337

БАС Ісідар

(Ізраіль Самуілавіч; нарадзіўся 9.12.1913, Віцебск),

крытык, літаратуразнавец. Вучыўся ў Камуністычным ін-це журналістыкі (1933—36, Мінск). З 1947 выкладаў у ВНУ Беларусі. Даследаваў пытанні развіцця бел. дакастр. л-ры (у тым ліку ананімнай), станаўлення рэалізму, сувязяў бел., рус., укр. і польск. літаратур, узнаўляў невядомыя старонкі творчых біяграфій П.Багрыма, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа. З 1970-х г. за мяжой.

т. 2, с. 337

Басакоў Сяргей Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 346

БАСАЛЫ́ГА Дзмітрый Мікалаевіч

(парт. псеўд. Ігнат, Уральскі, Ігнатарскі, Дзм. Радноў; 27.11.1884, в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці — 15.4.1969),

рэвалюцыянер, дзеяч тэатра і кіно. Брат К.М.Басалыгі. У 1904—08 вучыўся ў Харкаве. Чл. РСДРП з 1904. Удзельнік рэв. 1905—07. У 1907 на нелегальнай рабоце ў Екацярынбургу, Пярмі, Чэлябінску; дэлегат V з’езда РСДРП. У 1910—14 працаваў на кінафабрыцы ў Маскве. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. У 1917—18 кіраўнік Саратаўскага т-ра. У 1919 камісар брыгады Чырв. Арміі. З 1920 у Маскве працаваў у дзярж. і грамадскіх тэатральных і кінаўстановах, рэжысёр і сцэнарыст кінафільмаў.

т. 2, с. 338

БАСАЛЫ́ГА Канстанцін Мікалаевіч

(парт. псеўд. Іван, Воля, Дальні; 30.5.1887, в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобласці — 9.9.1963),

рэвалюцыянер. Брат Дз.М.Басалыгі. У 1904 вучыўся ў Харкаве. Чл. РСДРП з 1905. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. У 1907 вёў паліт. агітацыю сярод салдатаў на Урале; дэлегат V з’езда РСДРП. Вёў рэв. работу ў Пярмі, Адэсе, Краснадары. У 1915 сасланы ў Омск. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Потым працаваў у Севастопалі, на Стаўраполлі і інш.

т. 2, с. 338

БАСАЛЫ́ГА Міхаіл Самуілавіч

(н. 1.5.1942, г. Слуцк),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі. Аформіў альбом «Гравюры Францыска Скарыны» (1972), кнігі М.Танка «Хай будзе святло» і «Ключ жураўліны» (1972, усе з У.С.Басалыгам), «Ave Maria» (1980), Я.Купалы «Вершы і паэмы» (1982) і «Курган» (1987), «Дзень міру» (зборнік, 1986), «Веча славянскіх балад» Я.Сіпакова (2-е выд., 1988) і інш. Ілюстрацыі выкананы ў тэхніцы лінарыту, афорта, змешанай тэхніцы. У творах станковай графікі звяртаецца ў асноўным да гіст. тэмы. У серыю каляровых аўталітаграфій «Айчыну сваю баронячы» ўваходзяць: трыптых «Грунвальдская бітва», «Бітва з татарамі» (абодва 1989), трыптых «Бітва пад Оршай» (1992), «Давыд Гарадзенскі», «Леў Сапега» (абодва 1994); каляровыя літаграфіі «Рагнеда» (1990), «Мінскі замак» (1991); партрэты «Юрый Алелька», «Аляксандр Алелька» (абодва 1989), «Сафія Юр’еўна Алелька» (1995) і інш. Творы з дасканалым маст. веданнем гіст. побыту і касцюма на Беларусі адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў мінулыя стагоддзі.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 338

БАСАЛЫ́ГА Уладзімір Самойлавіч

(н. 1.4.1940, г. Слуцк),

бел. графік. Брат М.С.Басалыгі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1971—80 гал. мастак Маст. фонду. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса. Гал. тэма творчасці — культ. і гіст. спадчына Беларусі: графічныя аркушы «Шануйце роднае слова» (1976), «Неба бацькаўшчыны» (1980), «Навагрудчына», «Мой родны кут», «Дух стагоддзяў», «Радзіма Купалы» (усе 1982). Стварыў серыю графічных аркушаў «Мова наша родная»; ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» У.Караткевіча (1969), альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, з М.С.Басалыгам) і інш. З 1977 працуе над серыяй графічных твораў «Помнікі дойлідства Беларусі»; «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш.

Літ.:

Пянькоўская А. Справа даўжынёй у жыццё // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 338

БАСА́НА

(Bassano; сапр. да Понтэ; da Ponte) Якопа (каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),

італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.

Літ.:

Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 338

БАСАНА́ВІЧУС

(Basanavičius) Іонас (23.11.1851, в. Ажкабаляй, Літва — 16.2.1927),

літоўскі грамадскі дзеяч, навуковец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1879). Засн. першы літоўскі ліберальны час. «Aušra» («Зара», 1883). Ініцыятар стварэння Літоўскага навук. т-ва (1907). Працы па стараж. і сярэдневяковай гісторыі, археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, санітарыі. Сабраў і выдаў 9 тамоў нар. казак і песень.

т. 2, с. 338

«БАСАНО́ГІЯ»,

удзельнікі нар. паўстання 1639 у Ніжняй Нармандыі (Францыя). Назва ад паўлегендарнага кіраўніка паўстанцаў Жана Басаногага. Паўстанне выклікана ўвядзеннем цяжкага салянога падатку («габелі»). Пачалося ў г. Аўранш, распаўсюдзілася на ўсю вобласць. Паўстанцы (сяляне, гар. нізы, буржуа) стварылі сваю армію (саманазва «армія пакуты»; каля 20 тыс. чал.), заклікалі насельніцтва не плаціць падаткі, узбройвацца і забіваць зборшчыкаў падаткаў. Разбіты восенню 1639 каралеўскімі часцямі.

т. 2, с. 338