«БА́ЎГАУЗ»
(Bauhaus),
Вышэйшая школа будаўніцтва і мастацкага канструявання, навучальная ўстанова і арх.-маст. аб’яднанне ў Германіі. Засн. ў 1919 ням. арх. В.Гропіусам у г. Веймар, у 1925 пераведзена ў Дэсаў, у 1933 скасавана фашыстамі.
Абапіраючыся на эстэтыку функцыяналізму, кіраўнікі «Баўгауза» імкнуліся выпрацаваць універсальныя прынцыпы формаўтварэння ў пластычных мастацтвах, знайсці комплекснае маст. вырашэнне сучаснага матэрыяльна-прадметнага асяроддзя; развівалі ў студэнтаў здольнасць творчага асэнсавання новых матэрыялаў і канструкцый. У навучальным працэсе пераважала працоўная практыка ў вытв., маст. і праектных майстэрнях, дзе разам з вучэбнымі работамі ствараліся арх. праекты, узоры масавай прамысл. прадукцыі (мэбля, лямпы, тканіна), творы дэкар. жывапісу і пластыкі. У «Баўгацзе» выкладалі вядомыя архітэктары-функцыяналісты (Гропіус, Х.Меер, Л.Міс ван дэр Роэ), піянеры дызайну (І.Ітэн, Л.Мохай-Надзь), мастакі (П.Клее, В.Кандзінскі, Л.Файнінгер, О.Шлемер). «Баўхаус» адыграў важную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рацыяналізму ў архітэктуры 20 ст. і станаўленні сучаснага маст. канструявання.
Літ.:
Гропиус В. Грантицы архитектуры: Пер. с англ. М., 1971.
т. 2, с. 354
БА́ЎГІНЫ,
Боэн (Bauhin), швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).
Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).
т. 2, с. 354
БА́ЎМАН Мікалай Эрнеставіч
(29.5.1873, г. Казань — 31.10.1905),
рускі рэвалюцыянер. Рэв. дзейнасць пачаў у Казані. У 1896—97 член Пецярбургскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899 эмігрыраваў, у Жэневе ўвайшоў у групу «Вызваленне працы». У 1900 удзельнічаў у стварэнні газ. «Іскра». У 1903 узначаліў Маскоўскую арг-цыю бальшавікоў, у 1904 — Паўн. бюро ЦК РСДРП. Забіты чарнасоценцамі ў час рэв. дэманстрацыі ў Маскве.
т. 2, с. 354
БА́ЎМАНІС
(Baumanis) Яніс Фрыдрых Аляксандр (4.6.1834, Рыга — 31.3.1891),
латышскі архітэктар. Вучыўся ў Будаўнічай акадэміі ў Берліне (1860—62) і Пецярбургскай АМ (1862—63). Пабудаваў у Рызе больш за 50 даходных дамоў і грамадскіх будынкаў, у дэкоры якіх выкарыстоўваў формы архітэктуры рэнесансу і класіцызму (Дом ліфляндскага дваранства, цяпер будынак урада Латвіі, 1863—67, у сааўт. з Р.Пфлугам; Аляксандраўская гімназія, 1874, цяпер кансерваторыя) і інш.
т. 2, с. 355
БА́ЎМГАРТЭН
(Baumgarten) Аляксандр Готліб (17.6.1714, Берлін — 26.5.1762),
нямецкі філосаф школы К.Вольфа. З 1740 праф. ун-та ў Франкфурце-на-Одэры. Родапачынальнік эстэтыкі як філас. дысцыпліны. У аснове канцэпцыі Баўмгартэна падзел пазнання на рацыянальнае і пачуццёвае. Эстэтыку лічыў часткай тэорыі пазнання, што датычыць паўсвядомых, заблытаных, незразумелых уяўленняў (т.зв. перцэпцый у прынятай Баўмгартэнам тэрміналогіі Лейбніца) у адрозненне ад ясных і лагічных меркаванняў, т.зв. аперцэпцый. Паводле Баўмгартэна, аперцэпцыямі, або рацыянальным пазнаннем, займаецца логіка, а перцэпцыямі, або пачуццёвым пазнаннем, — эстэтыка. Лічыў, што мастацкае (пачуццёвае) пазнанне, якое выяўляецца ў эстэт. суджэннях, з’яўляецца недасканалай формай лагічнага пазнання. Гал. працы: «Развагі» (1735), «Метафізіка» (1739), «Эстэтыка» (1750—58).
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: История эстетики. М.,1964. Т. 2. С. 49—65.
Н.К.Мазоўка.
т. 2, с. 355
БАЎТС,
Боўтс (Bouts) Дзірк (Ц’еры; каля 1415, г. Харлем, Нідэрланды — 6.5.1475), нідэрландскі жывапісец. Выкарыстоўваючы традыцыі Рагіра ван дэр Вейдэна і Я. ван Эйка, імкнуўся да пераканаўчасці і трапнасці дэталяў, вытанчанасці і маляўнічай дэкаратыўнасці жывапісу (алтар «Таямнічасць прычасця», 1464—67, абраз «Пакуты Святога Эразма...», 1466, дыптых «Правасуддзе Атона III», 1475, карціна «Пекла» і інш.).
т. 2, с. 355
БАЎТУ́ТА Галіна Антонаўна
(н. 29.12.1934, г. Самара, Расія),
бел. батанік і цытагенетык. Д-р біял. н. (1981), праф. (1982). Скончыла Ленінградскі ун-т (1957). З 1966 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Навук. працы па анатоміі і марфалогіі раслін, цытагенетыцы пладова-ягадных раслін, методыцы вышэйшай школы.
Тв.:
Новые методы в селекции плодово-ягодных культур. Мн., 1977;
Батаніка: Анатомія і марфалогія раслін. Мн, 1995.
т. 2, с. 355
БАЎШ
(Bausch; сапр. Філіпіне; Philippine) Піна (н. 27.7.1940, г. Золінген, Германія),
нямецкая артыстка балета, балетмайстар. Вучылася ў «Фолькванг-шуле» К.Іоса (г. Эсэн). Танцавала ў «Фолькванг-балеце», трупе «Новага амерыканскага балета», у «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1969 балетмайстар розных т-раў у ФРГ, з 1971 балетмайстар Танц. ансамбля ў Вуперталі. Ставіць балеты на аснове па-экспрэсіянісцку завостранага танца мадэрн у суправаджэнні сімф., вакальнай і канкрэтнай музыкі, тэксту. Пастаноўкі: «Вакханалія» ў оперы «Тангейзер» Р.Вагнера (1971), «Адажыо» на муз. «Пяці песень» Г.Малера (1974), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1976), «Ідзі, станцуй са мной» на зборную музыку (1977) і інш.
т. 2, с. 355
БА́ЎЭР
(Bauer) Бруна (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),
нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.
М.В.Пешкаў.
т. 2, с. 355
БА́ЎЭР
(Bauer) Ота (5.9.1881, Вена — 4.7.1938),
адзін з кіраўнікоў аўстр. сацыял-дэмакратаў, тэарэтык аўстра-марксізму, публіцыст. Юрыст. З 1907 рэдактар «Arbeiter Zeitung» («Рабочай газеты») і дэпутат рэйхсрата (сакратар с.-д. фракцыі). У 1908 разам з Ф.Адлерам заснаваў тэарэт. орган С.-д. партыі Аўстрыі, штомесячнік «Der Kampf» («Барацьба»). У 1918—19 міністр замежных спраў, выступаў за аншлюс. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў т.зв. двухспалавіннага (1921—23) і Сацыяліст. рабочага (1923—40) інтэрнацыяналаў. Намагаўся прымірыць рэв. і рэфармісцкія сілы ўнутры СПА («Лінцкая праграма» 1926). Пасля паражэння Лют. паўстання 1934 эмігрыраваў. Аўтар прац «Нацыянальнае пытанне і сацыял-дэмакратыя» (1907), «Шлях да сацыялізму» (1919), «Аўстрыйская рэвалюцыя 1918 г.» (1923), «Капіталізм і сацыялізм пасля сусветнай вайны» (1931) і інш.
т. 2, с. 355