Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАБ

(сапр. Сеід Алі Махамед; 20.10.1819, г. Шыраз, Іран — 9.7.1850),

заснавальнік шыіцкай секты бабідаў, якая ўзначаліла бабідскія паўстанні 1848—52 у Іране. Спачатку належаў да секты шэйхітаў, што прапаведавала хуткае прышэсце 12-га імама Махдзі (шыіцкага месіі). У 1844 абвясціў сябе Бабам («варотамі», праз якія Махдзі перадае сваю волю людзям). У 1847 арыштаваны і зняволены. У зняволенні напісаў твор «Беян» («Адкрыццё»), у якім абвясціў сябе Махдзі і выклаў асн. палажэнні свайго вучэння (неадпаведнасць законаў і парадкаў Карана патрэбам часу, роўнасць усіх людзей, усталяванне свяшчэннага царства бабідаў, выгнанне з краіны небабідаў, іншаземцаў, канфіскацыя і падзел іх маёмасці сярод бабідаў, абарона правоў асобы і ўласнасці і інш.). Расстраляны шахскімі ўладамі ў г. Тэбрыз.

т. 2, с. 178

БАБА́

(Baba),

мыс на п-ве М. Азія, на З Турцыі; самы зах. пункт Азіі (39°29′ паўн. ш. і 26°10′ усх. д.).

т. 2, с. 178

БА́БА

(тэхн.),

ударная частка молатаў, капроў і інш. машын, якія выконваюць карысную работу за кошт энергіі ўдару. Выкарыстоўваецца пры забіванні паляў, коўцы і штампоўцы розных дэталяў. Падыманне бабы выконваецца ручным або эл. прыводам, а таксама парам ці сціснутым паветрам. Маса бабы можа дасягаць 30 т.

т. 2, с. 178

БА́БА

(Baba) Карнеліу (н. 18.11.1906, г. Краёва, Румынія),

румынскі жывапісец і графік. Нар. мастак Румыніі (1962). Ганаровы член АМ СССР (1958). Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Ясах (1934—38). Аўтар абагульненых кампазіцый на тэмы сял. жыцця («Адпачынак у полі», 1954, «Сяляне», 1958), вострых па характарыстыцы партрэтаў («М.Садавяну», 1953, «Партрэт дзяўчыны», 1957, «Суайчыннікі», 1974), пейзажаў, іл. да твораў рум. пісьменнікаў. Дзярж. прэміі Румыніі.

Літ.:

Кузьмина М. Корнелиу Баба. М., 1960.

т. 2, с. 178

БАБАДЖА́Н Рамз

(сапр. Бабаджанаў Рамз Насыравіч; нарадзіўся 1921),

узбекскі паэт. Нар. паэт Узбекістана (1981). Аўтар зб-каў вершаў «Падарунак» (1940), «Уздоўж даліны» (1949), «Таямніцы кахання» (1963), «Новыя рубаі» (1966), «Паклон каханню» (1980), паэм «Гутарка з дзедам» (1967), «Жывая вада» (1969, Дзярж. прэмія СССР 1972), «Хаям-намэ» (1978), «Юсуф і Зулейха» (1981). Яго лірыка адметная высокім грамадз. пафасам, тонкім майстэрствам.

т. 2, с. 178

БАБАДЖАНЯ́Н Арно Аруцюнавіч

(22.1.1921, г. Ерэван — 11.11.1983),

армянскі кампазітар, піяніст. Нар. арт. Арменіі (1962). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ерэванскую (1947) і Маскоўскую (1948) кансерваторыі. Аўтар «Гераічнай балады» для фп. з арк. (1950), фп. трыо (1952), санаты для скрыпкі і фп. (1959), канцэрта для віяланчэлі (1962), 2 струнных квартэтаў, твораў для фп., у т. л. «6 карцін» (1965), эстрадных песень (найб. папулярныя «Песня першага кахання», «Не спяшайся», «Загадай жаданне», «Лепшы горад зямлі»), музыкі да спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэміі Арменіі 1967, 1983.

Літ.:

Григорян А. Арно Бабаджанян. М., 1961;

Аматуни С.Б. Арно Бабаджанян: Инструм. творчество. Ереван, 1985.

т. 2, с. 178

БАБАКУ́ЛАЎ Ахмад

(н. 17.1.1931, г. Душанбе),

таджыкскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954). У 1954—56 і з 1966 саліст Таджыкскага т-ра оперы і балета, адначасова з 1966 заг. кафедры ф-та мастацтваў Таджыкскага пед. ін-та (праф. з 1977). Сярод партый: Садык («Вяртанне» Я.Сабзанава), Мадан («Камдэ і Мадан» З.Шахідзі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала). Дзярж. прэмія Таджыкістана 1966.

т. 2, с. 178

БАБА́НАВА Марыя Іванаўна

(11.11.1900, Масква — 4.4.1983),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1954). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1920 у Т-ры РСФСР 1-м (пазней Т-р імя У.Меерхольда). У 1927—80 у Маскоўскім т-ры імя У.Маякоўскага. Лірычная актрыса, майстар тонкага псіхал. малюнка ролі: Паліна («Даходнае месца» А.Астроўскага), Гога («Чалавек з партфелем» А.Файко), Джульета («Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Дзіяна («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі), Таня («Таня» А.Арбузава). Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 2, с. 178

БАБАРЫ́КІН Пётр Дзмітрыевіч

(27.8.1836, г. Ніжні Ноўгарад — 12.8.1921),

рускі пісьменнік. Ганаровы акадэмік Пецярб. АН (1900). Вучыўся ў Казанскім і Дэрпцкім ун-тах. У 1863—65 рэдактар-выдавец час. «Библиотека для чтения». З пач. 1890-х г. за мяжою. Аўтар больш як 100 раманаў, аповесцяў, п’ес, у якіх моцны ўплыў натуралізму. У раманах «Дзялкі» (1872—73), «Кітай-горад» (1882), «Васіль Цёркін» (1892), аповесці «Паразумнеў» (1890) і інш. адлюстраваў жыццё рус. грамадства ў 2-й пал. 19 ст. Аўтар даследавання «Еўрапейскі раман у XIX стагоддзі» (т. 1, 1900), мемуараў «За паўвеку».

Тв.:

Собрание романов, повестей и рассказов. Т. 1—12. СПб., 1897;

Воспоминания. Т. 1—2. М., 1965.

т. 2, с. 178

БАБАРЭ́КА Адам Антонавіч

(14.10.1899, в. Слабада-Кучынка Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 10.10.1938),

бел. пісьменнік і крытык. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), БДУ (1927). Настаўнічаў на Случчыне. У 1921—22 палітработнік у Чырв. Арміі. У 1926—29 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 на кафедры бел. л-ры БДУ. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1930 беспадстаўна арыштаваны. 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі. Адбываў у г.п. Слабадской (Вятчына), у Вятцы (цяпер г. Кіраў). У 1937 зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1919. Вершы і апавяданні падпісваў псеўд. Янка Кужаль, Адам Чырвоны, Якім Каліна і інш. Як крытык распрацоўваў метадалагічныя пытанні літ.-знаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасці, сац. і эстэт. каштоўнасці л-ры, даследаваў гісторыю бел. л-ры, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, К.Чорнага і інш. Аналіз літ. творчасці спалучаў з гістарызмам і філасафічнасцю.

Тв.:

Апавяданні. Мн., 1925.

Літ.:

Конан У. Адам Бабарэка. Мн., 1976.

У.М.Конан.

т. 2, с. 179