БАЖА́Н Мікола
(Мікалай Платонавіч; 9.10.1904, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 23.11.1983),
украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Акад. АН Украіны (1951). Засл. дз. маст. Грузіі (1964), засл. дз. нав. Украіны (1966). Нар. паэт Узбекістана (1968). Герой Сац. Працы (1974). У 1943—48 нам. старшыні Савета Міністраў УССР. У 1958—83 гал. рэдактар Укр. Сав. Энцыклапедыі. Аўтар вершаў, паэм, перакладаў, літ.-крытычных і публіцыст. прац. Творы Бажана (зб-кі «Семнаццаты патруль», 1926; «Клятва», 1941; «Сталінградскі сшытак», 1943; «Англійскія ўражанні», 1949; «Італьянскія сустрэчы», 1961; «Чатыры апавяданні пра надзею», 1967; «Знакі», 1978, Ленінская прэмія 1982) вызначаюцца тэматычнай шырынёй, сац. і філас. праблематыкай. Перакладаў на ўкр. мову творы рус., груз., узб., ням., польск. і інш. пісьменнікаў; з бел. — вершы Я.Купалы, А.Куляшова, М.Танка, П.Панчанкі, А.Зарыцкага, кн. вершаў П.Броўкі. На бел. мову творы Бажана перакладалі Броўка, А.Бялевіч, В.Вітка, П.Глебка, Зарыцкі, М.Калачынскі, Куляшоў, Я.Семяжон, М.Танк.
т. 2, с. 217
БАЖА́НАЎ Аляксандр Васілевіч
(1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),
удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.
т. 2, с. 217
БАЖА́НАЎ Аляксей Міхайлавіч
(1820—6.8.1889),
вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;
2 изд. Спб., 1861;
Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;
2 изд. М., 1867.
В.М.Бусько.
т. 2, с. 217
БАЖКО́ Алесь
(Аляксандр Цімафеевіч; нарадзіўся 22.10.1918, в. Даўгінава Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Вучыўся ў муз. ін-це імя С.Манюшкі ў Навагрудку (1936—38), Варшаўскай кансерваторыі (1938—39). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар аповесцяў «Перад вераснем» (1957) і «Позняе ворыва» (1963) пра жыццё працоўных Зах. Беларусі, паэм «Карвіга пакідае хутар» (1960), «Татры» (1963), «Блакітныя вербы» (1972), зб. вершаў «Суладдзе» (1975), кн. памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), вершаванай аповесці «Лясныя крушні» (1981).
Тв.:
Каласы і скалы: Вершы і паэмы. Мн., 1978;
Жывыя прывіды: Аповесць. Мн., 1986;
Выбр. тв.: Паэма;
Вершы. Мн., 1987.
т. 2, с. 217
БАЖКО́ Аляксандра Паўлаўна
(н. 10.6.1934, г. Грозны),
бел. фізіёлаг. Д-р біял. н. (1980), праф. (1983). Скончыла Ленінградскі ун-т (1957). З 1957 у Віцебскім мед. ін-це. Навук. працы прысвечаны механізмам адаптацыі сэрца на працяглую нагрузку і пры экстрэмальных уздзеяннях, ролі тырэоідных гармонаў у павелічэнні ўстойлівасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і арганізма на экстрэмальныя ўздзеянні.
т. 2, с. 217
БАЖО́Ў Павел Пятровіч
(27.1.1879, Сысерцкі завод каля Екацярынбурга — 3.12.1950),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскую духоўную семінарыю (1899). Настаўнічаў. Першая кн. «Уральскія былі» (1924). У 1939 выдаў аўтабіягр. аповесць «Зялёны конік» і зб. сказаў па матывах уральскага фальклору «Малахітавая шкатулка» (Дзярж. прэмія СССР 1943). Яго творы — прыклад майстэрскага выкарыстання нар. мовы. Паводле яго сказаў створаны кінафільм «Каменная кветка» (1946), балет С.Пракоф’ева «Сказ пра каменную кветку» (паст. 1954). На бел. мову творы Бажова перакладалі Я.Брыль, М.Машара, М.Паслядовіч і інш.
Тв.:
Соч. Т. 1—3. М., 1952;
Бел. пер. — Уральскія казкі. Мн., 1950;
Уральскія сказы. Мн., 1956;
Зялёны конік. Мн., 1959.
т. 2, с. 217
БАЖЭ́НАЎ Васіль Іванавіч
(12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводле інш. крыніц Масква — 13.8.1799),
рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж. б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. Архітэктуры.
т. 2, с. 217