Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАТА́ВІЯ,

назва г. Джакарта да 1949.

т. 2, с. 344

БАТА́ЕЎСКАЯ ШКЛЯНА́Я МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1799—1900 у в. Батаева Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляла аконнае шкло і шкляны посуд. У 1900 працавалі 53 чал., выраблена 15 тыс. скрынак аконнага шкла.

т. 2, с. 344

БАТА́ЙСК,

горад у Расіі, у Растоўскай вобласці. Засн. ў 1779—80. 94,8 тыс. ж. (1994). Вузел чыг. ліній і аўтадарог. Машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтакраны і аўтапрычэпы, мантажныя загатоўкі, эл.-мех. вырабы), лёгкая, харч. прам-сць; вытв-сць буд. Матэрыялаў.

т. 2, с. 344

БАТА́ЛАЎ Аляксей Уладзіміравіч

(н. 20.11.1928, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.А.Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».

т. 2, с. 344

БАТА́ЛАЎ Мікалай Пятровіч

(6.12.1899, Масква — 10.11.1937),

рускі акцёр. Засл. арт. Расіі (1933). З 1916 у трупе МХТ. Яго мастацтву ўласцівы тэмперамент, абаяльнасць, пачуццё гумару. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), Васька Окарак («Браняпоезд 14-69» У.Іванава), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Сабакевіч («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля). З 1923 здымаўся ў кіно: «Аэліта», «Маці», «Пуцёўка ў жыццё» і інш.

т. 2, с. 344

БАТА́ЛАЎ Рыгор Міхайлавіч

(н. 28.1.1915, Віцебск),

Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1965). Скончыў Мінскае пях. вучылішча (1937), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1952), Генштаба (1959). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, 2-м Укр. франтах; нач. аператыўнага аддзялення штаба дывізіі, камандзір стралк. палка, нам. камандзіра дывізіі. Удзельнік баёў на Доне, пад Сталінградам, Белгарадам, вызвалення Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Полк пад яго камандаваннем вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Краменчуга, захопе і расшырэнні плацдарма на правым беразе ракі. Да 1971 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 344

Баталаў Фёдар Аляксеевіч

т. 18, кн. 1, с. 346

БАТАЛІ́Т

[ад грэч. bathos глыбіня + ...літ(ы)],

буйное інтрузіўнае цела (пл. больш за 200 км², якое складзена пераважна з гранітоідаў і залягае сярод асадкавых тоўшчаў складкавых абласцей у ядрах антыклінорыяў. Звычайна арыентавана сваёй доўгай воссю паралельна распасціранню складкавых структур. Утвараецца на значнай глыбіні і агаляецца ў выніку дэнудацыі. Паводле сучасных уяўленняў, баталіт ўзнікае над сейсмафокуснымі паверхнямі — зонамі Беьёфа за кошт плаўлення частак матэрыялу мантыі і зямной кары.

т. 2, с. 344

БАТАЛЬЁН

(франц. bataillon),

асноўнае тактычнае падраздзяленне ў сухапутных, паветрана-дэсантных войсках і марской пяхоце. Бываюць мотастралк. (пяхотныя, мотапяхотныя), танк., марской пяхоты, сувязі, аўтамаб. і інш. Можа ўваходзіць у склад палка (брыгады) або быць самастойнай вайсковай часцю. Звычайна складаецца з 3—4 рот і інш. падраздзяленняў.

т. 2, с. 344

БАТАЛЬЁНАК Ягор Ягоравіч

(н. 19.9.1946, в. Труханавічы Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі пед. ін-т (1968). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творы вызначаюцца тонкім лірызмам і глыбінёй пачуццяў, у іх вобразы роднай Віцебшчыны, гіст. мінулае Беларусі. Адметнасць яго жывапісных палотнаў у тонкай, празрыстай акварэльнасці. Асн. работы: «Цвіце стары сад» (1974), «Лета на Віцебшчыне» (1977), «Ажыны» (1980), «Дзяцінства светлы дзень» (1981), «Дзе сон-трава» (1986), «Адыходзіць дзень» (1988), «Бабіна лета» (1989), «Май», «Адвечная цішыня», «Раніца» (усе 1990), «Восеньскі світанак», «Напрадвесні», «Прысутнасць» (усе 1993), «Успамін», «Прыйшоў Ілля», «Сціш» (усе 1994), «Да спакою», «Марыва» (абодва 1995), нізка пастэляў «Родны край» (1993—94) і інш.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 344