Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАНАЛІТЭ́Т

(франц. banalit),

у сярэдневяковай Зах. Еўропе манапольнае права сеньёра на маёмасць грамадскай значнасці (млын, печ, вінаградны прэс), за карыстанне якой сяляне павінны былі яму дадаткова плаціць. Баналітэты шырока ўжываліся феадаламі (у т. л. простымі рыцарамі) з канца 10—11 ст.

т. 2, с. 272

БАНАМПА́К

(Bonampak),

цырыманіяльны цэнтр майя апошніх стагоддзяў 1-га тыс. ў штаце Чыяпас (Мексіка). Адкрыты ў 1946. Захавалася каля 20 будынкаў, у тым ліку «Храм размалёвак» (8 ст.), сцены якога ўпрыгожаны шматфігурнымі батальнымі і рытуальнымі сцэнамі. Знойдзены таксама стэлы, рэльефы, алтары.

т. 2, с. 272

БАНА́Н

(Musa),

род кветкавых раслін сям. бананавых. Больш за 40 відаў. Радзіма — трапічная Азія, Акіянія, Паўн. Аўстралія. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных краінах. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН. Найб. вядомыя банан райскі (Musa paradisiaca), дэсертны (Musa sapientum), тэкстыльны, або абака (Musa textilis), японскі (Musa basjoo) і інш.

Шматгадовыя дрэвападобныя травяністыя расліны з магутным карэнішчам, пакарочаным сцяблом і несапраўдным трубчастым ствалом выш. да 15 м, які ўтвараюць похвы лістоў. Лісце даўж. да 6 м, суцэльнае. Кветкі звычайна аднаполыя, няправільныя, сабраныя ў звіслы складаны колас. Плады буйныя, рабрыстыя, падоўжаныя серпападобныя або кароткія авальныя ягады (ядомыя, маюць цукар, крухмал, бялкі, таніды і карацін), з іх гатуюць алкагольныя і кандытарскія вырабы, кансервы і інш. харч. прадукты, з лісця вырабляюць валакно — т.зв. манільскую пяньку. Лек. (у пладах і кветках ёсць антыбіётыкі; слабіцельны, страўнікавы, антыдыябетычны і антыгельмінтны сродак), кармавыя і дэкар. Расліны.

т. 2, с. 272

БАНА́НАВЫ,

позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.

Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.

З.А.Казлоўская.

т. 2, с. 272

БАНАПА́РТЫ

(франц. Bonaparte, італьян. Buonaparte),

французская імператарская дынастыя [1804—14, 1815, 1852—70). Засн. Напалеонам І Банапартам [1804—14, 1815], рэстаўрыравана Напалеонам III [1852—70].

Банапарты — браты Напалеона І, якіх ён паставіў на чале заваяваных ці створаных французамі дзяржаў: Жазеф Банапарт, неапалітанскі кароль [1806—08], кароль Іспаніі [1803—13]; Луі Банапарт, кароль Галандыі [1806—10]; Жэром Банапарт, кароль Вестфаліі [1807—13]. Сёстры Напалеона І: Эліза, прынцэса Лукская і П’ёмбінская [1805—14], вял. герцагіня Тасканская [1809—14]; Паліна, герцагіня Гуастальская (у Італіі) з 1806; Караліна, жонка маршала І.Мюрата, у 1808—15 неапалітанскага караля. Сын Напалеона І Франсуа Шарль Жазеф Банапарт вядомы як Напалеон II. Пасля рэвалюцыі 4.9.1870 дынастыя Банапартаў перастала кіраваць.

т. 2, с. 272

БАНАПАРТЫ́ЗМ,

гістарычны тэрмін, якім першапачаткова пазначалі паліт. рэжымы Напалеона І і Напалеона III у Францыі. Ужываецца з 19 ст. Адметны абаронай інтарэсаў буйной буржуазіі, апорай на армію і кансерватыўныя слаі сялянства, лавіраваннем паміж рознымі паліт. сіламі грамадства, спалучэннем дэмагогіі з палітыкай наступлення на дэмакр. свабоды і рэв. рух. У шырокім сэнсе банапартызм — антыдэмакр. дыктатура пэўных сац. груп, што лавіруюць паміж рознымі сіламі грамадства.

т. 2, с. 272

БАНАПАРТЫ́СТЫ,

прыхільнікі рэстаўрацыі дынастыі Банапартаў у Францыі пасля падзення Першай (1804—14) і Другой (1852—70) імперый. У час рэвалюцыі 1848 садзейнічалі прыходу да ўлады пляменніка Напалеона І прынца Луі Банапарта. Пасля яго звяржэння (1870) — адна з манархісцкіх партый.

т. 2, с. 272

БАНА́Р

(Bonnard) П’ер (3.10.1867, Фантэнэ-о-Роз, дэп. О-дэ-Сен, Францыя — 23.1.1947),

французскі мастак. У канцы 1880-х г. вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Чл. групы «Набі», зазнаў уплыў П.Гагена і яп. гравюры. Яго пейзажы, быт. сцэны, інтэр’еры, ню і нацюрморты, звязаныя з дэкаратыўнасцю позняга імпрэсіянізму, адметныя лірычнай сузіральнасцю, надзвычайнай вытанчанасцю каларыту: «Пачатак вясны (Маленькія фаўны)» (1903—04), пано «Восень. Збор садавіны» (1912), «Аголеная ў ванне» (1937) і інш.

Літ.:

Яворская Н.В. Пьер Боннар. М., 1972.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 272

БА́НАС,

ахар, археалагічная культура эпохі энеаліту (каля 1900—1300 да нашай эры) на тэр. штата Раджастхан (Індыя). Назва ад р. Банас, у басейне якой даследавана паселішча Ахар (адсюль другая назва культуры). Насельніцтва займалася земляробствам (вырошчвала рыс, пшаніцу), асн. буд. матэрыялам былі камень і гліна. Характэрна чорна-чырвоная кераміка, упрыгожаная малюнкамі белай фарбы. Пашыраны медныя і бронзавыя вырабы.

т. 2, с. 272

БАНА́Т

(Banat),

гістарычная вобласць у Паўд.-Усх. Еўропе, паміж Трансільванскімі Альпамі на У, рэкамі Ціса на З, Мурэш на Пн, Дунай на Пд. На пач. нашай эры тэр. Баната ўваходзіла ў склад рым. правінцыі Дакія. З 1028 пад уладай Венг. каралеўства. Да 16 ст. заваяваны Асманскай імперыяй. Паводле Пажаравацкіх мірных дагавораў 1718 Банат перайшоў да Аўстрыі (пазней Аўстра-Венгрыі). Паводле Трыянонскага мірнага дагавора 1920 2/3 яго тэрыторыі адышлі да Румыніі, амаль ⅓ — да Югаславіі, землі вакол г. Сегед — да Венгрыі.

т. 2, с. 273