БАЯВА́Я МАШЫ́НА ПЯХО́ТЫ
(БМП),
браніраваная машына мотастралковых войскаў (мотапяхоты) для перамяшчэння асабовага складу і вядзення бою. З’явілася ў 1960-я г. Сучасная БМП — гусенічная (радзей колавая) машына высокай праходнасці, звычайна плаваючая, выкарыстоўваецца для дэсантавання. Аснашчана фільтравентыляцыйнай устаноўкай, прыладамі начнога бачання і інш. Узбраенне: 20—30-мм аўтам. пушка, 1—2 кулямёты, часам процітанк. кіроўныя рэактыўныя снарады. Умяшчае 2—3 чал. экіпажу і 6—9 чал. стралкоў, якія могуць весці агонь праз амбразуры. Скорасць руху: гусенічных 65—75, колавых да 100, па вадзе 6—10 км/гадз. Ёсць на ўзбраенні армій многіх краін: напрыклад, у ФРГ — гусенічная «Мардэр», у ЗША — плаваючая гусенічная М-2 «Брэдлі».
т. 2, с. 367
БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,
самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.
Упершыню сав. эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял. Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.
т. 2, с. 368
БАЯВА́Я ПАДРЫХТО́ЎКА,
сістэма навучання ваеннаслужачых, падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, камандзіраў і штабоў узбр. сіл вядзенню баявых дзеянняў. Забяспечвае: набыццё тэарэт. ведаў і навыкаў баявых дзеянняў; баявую зладжанасць падраздзяленняў, часцей (караблёў) і злучэнняў. Праводзіцца на падставе загадаў міністра абароны, воінскіх статутаў, адпаведных інструкцый і праграм. Аснова баявой падрыхтоўкі — палявая (марская, лётная) вывучка, найважнейшая частка якой — тактычная падрыхтоўка (навучанне спосабам арганізацыі і вядзення бою; гл. таксама Тактыка).
т. 2, с. 368
«БАЯВА́Я ЎСКАЛО́СЬ»,
ілюстраваны часопіс. Выдаваўся ў ліп. 1949 — лют. 1950 у Зах. Германіі, у 1954—81 у Канадзе (Таронта) на бел. мове. Рэдактары М.Панькоў (1949—50), С.Хмара (1954—81). Орган літ. аб’яднання «Баявая ўскалось» (засн. ў 1949), створанага членамі нелегальнай аднайменнай літ. арг-цыі Зах. Беларусі (засн. ў 1937). Выказваўся за адзінства бел. культуры, незалежна ад месца пражывання яе творцаў, друкаваў творы бел. пісьменнікаў, што жылі ў эміграцыі, у БССР і на Беласточчыне, зах.-бел. рэв. паэзію, хроніку, кнігапіс і інш. Абапіраўся на ідэйную традыцыю Бел. сялянска-работніцкай грамады. Выйшла 18 нумароў.
Ю.Туронак.
т. 2, с. 368
БАЯВЫ́Х СЯКЕ́Р КУЛЬТУ́РА,
адна з назваў археал. шнуравой керамікі культуры.
т. 2, с. 368
БАЯВЫ́Я ДРУЖЫ́НЫ,
узброеныя атрады рабочых, студэнтаў, мяшчан пры арг-цыях бальшавікоў, меншавікоў, эсэраў, Бунда і інш. партый у рэвалюцыю 1905—07 у Расіі. Упершыню з’явіліся як арг-цыі самаабароны ў Пецярбургу пасля Дзевятага студзеня 1905. Дзейнічалі больш як у 300 гарадах і населеных пунктах, налічвалі каля 75 тыс. чал. Мелі свае статуты; дружыннікі вывучалі ваен. справу, тактыку вулічнага бою. У перыяд узбр. выступленняў мелі месца сумесныя дзеянні дружын розных партый. На Беларусі баявыя дружыны існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Бабруйску і інш., патрулявалі вуліцы, ахоўвалі дэманстрацыі, мітынгі і інш.; эсэраўскія баявыя дружыны займаліся арганізацыяй і правядзеннем тэрарыст. актаў. Вопыт арганізацыі і дзейнасці баявых дружын выкарыстаны бальшавікамі ў 1917 пры стварэнні Чырвонай гвардыі.
т. 2, с. 368
БАЯДЖЫ́ЕЎ Злацю
(22.10.1903, в. Брэзава каля Плоўдзіва, Балгарыя — 2.2.1976),
балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1962). Скончыў АМ у Сафіі (1932). Ствараў кампазіцыі, прысвечаныя вясковаму побыту, пісаў партрэты («Аўтапартрэт», 1941). Яго пейзажы Плоўдзіва і наваколля вылучаюцца дэкаратыўнасцю і гучнасцю каларыту: «Зіма ў старым Плоўдзіве», «Брэзаўскія чабаны», «Касец точыць касу», «Адпачынак», «Аколіца Брэзава», «Свінарка» (усе 1940-я г.), «Царква Святой Багародзіцы ў Плоўдзіве» (1959) і інш. Прэмія імя Дзімітрова 1962.
Я.Ф.Шунейка.
т. 2, с. 368
БАЯЗІ́ДІ Маланкавы
(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),
турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.
т. 2, с. 368
БАЯЛІ́НАЎ Касымалы
(15.9.1902, пас. Кок-Майнок, Кыргызстан — 3.9.1979),
кіргізскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Кыргызстана (1968). Скончыў Алма-Ацінскі пед. ін-т (1925), Ін-т журналістыкі (1933). Друкаваўся з 1923. Адзін з заснавальнікаў кірг. рэаліст. прозы (аповесці «Аджар», 1928; «На берагах Ісык-Куля», 1947; «Даліна Курмана», 1958). Аўтар рамана-трылогіі «Братэрства» (1962—72), зб. «Цяжкая пераправа» (1980).
т. 2, с. 368
БАЯ́Н
(Boian),
археалагічная культура эпохі неаліту (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Балгарыі. Назва ад паселішча на воз. Баян (Румынія). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах са сценамі з дрэва і гліны. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Характэрна чорная і шэрая глянцаваная кераміка, упрыгожаная паглыбленым геаметрычным арнаментам, запоўненым белай пастай. З’явіліся першыя вырабы з медзі. Культура Баяна адыграла важную ролю ў фарміраванні культуры гумельніца.
т. 2, с. 368