Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БА́ЗА (грэч. basis),

1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.

2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.

3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.

4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.

5) У матэматыцы — тое, што базіс.

6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).

7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).

т. 2, с. 217

БА́ЗАВАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

неабходны ўзровень агульнаадук. падрыхтоўкі, які прадугледжвае рознабаковае развіццё і каштоўнасна-этычную арыентацыю асобы, фарміраванне агульнакультурнай асновы яе далейшай адукацыі, грамадзянскага і прафес. станаўлення. У адпаведнасці з Законам «Аб адукацыі у Рэспубліцы Беларусь» (1991) базавая адукацыя вызначаецца сістэмай дзярж. стандартаў адукацыі (акрэсліваюць патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі выпускнікоў школы). Дзяржава гарантуе атрыманне бясплатнай агульнай адукацыі ў асн. (базавай 9-гадовай) школе ў межах гэтых стандартаў.

т. 2, с. 218

БА́ЗАВЫ МАНІТО́РЫНГ, фонавы маніторынг,

сістэма назірання за станам і прагназаванне змен агульнабіясферных, пераважна прыродных, з’яў без накладання на іх рэгіянальных антрапагенных уздзеянняў. Ажыццяўляецца на базе ўчасткаў біясферы, якія ў найменшай ступені закранула і мадыфікавала гасп. дзейнасць чалавека. Даныя базавага маніторынгу даюць зыходны (кантрольны) матэрыял для параўнання, разглядаюцца як пункт адліку (база) пры вызначэнні выкліканых антрапагеннымі фактарамі змен у прыродзе.

т. 2, с. 218

БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),

кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс. км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.

т. 2, с. 218

БАЗА́ЛЬТАВАЕ ЛІЦЦЁ,

гл. Каменнае ліццё.

т. 2, с. 218

БАЗА́Р ((Bazard) Сент-Аман) (19.9.1791, Парыж — 29.7.1832),

французскі сацыяліст-утапіст. Пасля рэстаўрацыі Бурбонаў у Францыі адзін з кіраўнікоў тайнай арг-цыі карбанарыяў. За ўдзел у паўстанні ў Кальмары і Бельфоры (1821) завочна прыгавораны да пакарання смерцю. З 1825 займаўся прапагандай і далейшай распрацоўкай ідэй Сен-Сімона. У 1828—29 выдаў кнігу «Выкладанне вучэння Сен-Сімона». У сен-сіманісцкай рэліг. суполцы займаў, разам з Анфантэнам, становішча першасвяшчэнніка.

т. 2, с. 218

БАЗАРДАРЫ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,

гл. Паўночна-Алічурскі хрыбет.

т. 2, с. 218

БАЗАРДЗЮЗЮ́,

вяршыня Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта Вял. Каўказа, на мяжы Азербайджана і Дагестана. Выш. 4466 м. Складзена з гліністых сланцаў і парфірытаў. Укрыта вечным снегам і невял. ледавікамі.

т. 2, с. 218

БАЗАРСАДА́ЕЎ (Кім Іванавіч) (н. 22.4.1937, с. Ачынскае Чыцінскай вобл.),

бурацкі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1963). З 1957 (з перапынкамі) саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Васіль («Прасвятленне» Б.​Ямпілава), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1962). Дзярж. прэмія Бураціі 1975.

т. 2, с. 218

БАЗАФІЛІ́Я (ад грэч. basis аснова + ...філія),

уласцівасць клетачных і інш. мікраскапічных структур афарбоўвацца асн. фарбавальнікамі (азур, піранін і інш.) у растворах, якія маюць рэакцыю, блізкую да нейтральнай. Павышэнне базафіліі клеткі сведчыць пра інтэнсіўны бялковы сінтэз і вял. колькасць рыбануклеінавай кіслаты (РНК) у ёй. Уласціва растучым, рэгенерыравальным і пухлінным тканкам. Выкарыстоўваецца ў мікрабіял., цыта- і гісталагічным аналізе (напр., для адрознення клетак крыві, аналізу клетак пярэдняй долі гіпофіза, астраўковай тканкі падстраўнікавай залозы і інш.). Гл. таксама Ацыдафілія, Базафілы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 2, с. 218