Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАЦВІ́НАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Крычаўскім раёне Магілёўскай вобл., на р. Жукаўка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на З ад Крычава, 81 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст. Асавец. 383 ж., 126 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. Сувязі.

т. 2, с. 360

БАЦВІНЁНАК Аляксандр Уладзіміравіч

(н. 3.5.1957, г. Браслаў Віцебскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1983). У 1983—86 вучыўся ў творчых акад. майстэрнях у З.Азгура. Асн. творы: «Легенда» (1987), рэльеф «Беларускія майстры 17 ст.» (1990), «Ф.Дастаеўскі» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1992), «Архангел Міхаіл» (1993), «Паўшы ангел» (1995). Распрацоўвае гіст. вобразы бел. асветнікаў: Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш. Іл. гл. ў арт. Драўляная скульптура.

т. 2, с. 360

БАЦВІ́ННЕ,

надземная раслінная маса агароднінных, кармавых і тэхн. коранеклубняплодаў. У свежым і сіласаваным выглядзе выкарыстоўваецца на корм с.-г. жывёле: пераважна буйн. раг. жывёле (10—15 кг за суткі), у невял. колькасці свінням і авечкам. Бацвінне бульбы з-за наяўнасці ў ім шкоднага хім. рэчыва — саланіну — даюць абмежавана; нельга скормліваць яго цяжарнай жывёле і маладняку.

т. 2, с. 360

БАЦВІННЕЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА,

машына для зразання і пагрузкі ў транспарт бацвіння коранеклубняплодаў. Магчыма таксама здрабненне бацвіння і збіранне масы ў бункер ці прычэп. Бацвіннеўборачныя машыны бываюць самаходныя і напаўнавясныя, працуюць у комплексе з коранеўборачнымі і бульбаўборачнымі машынамі.

У асн. зоне буракасеяння краін СНД выкарыстоўваюць 6-радковыя (у арашальнай зоне 4-радковыя) бацвіннеўборачныя машыны прадукцыйнасцю 1,3—1,6 га/гадз, якія агрэгатуюцца з колавымі і гусенічнымі трактарамі. У пераўвільготненай зоне буракасеяння выкарыстоўваюцца 6-радковыя самаходныя бацвіннеўборачныя машыны замежных фірмаў (прадукцыйнасць да 1,1 га/гадз). Для ўборкі бацвіння бульбы, кармавых караняплодаў і траў выкарыстоўваюць бацвіннеўборачныя машыны з спец. бункерам для збору здробненай масы (прадукцыйнасць 0,8—1,2 га/гадз, агрэгатуецца з колавымі трактарамі).

т. 2, с. 360

БАЦВІ́ННІК Любоў Якаўлеўна

(29.1.1914, Мінск — 3.12.1980),

дыктар беларускага радыё. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1930 у К-це па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры Саўнаркоме БССР. У Вял. Айч. вайну дыктар Татарскага і Усесаюзнага радыё, з 1944 — Дзяржтэлерадыё Беларусі. Працавала над радыёкампазіцыямі тэатр. спектакляў (Бел. т-ра імя Я.Купалы «Пакуль вы маладыя» паводле І.Мележа, «Жан Крыстоф» паводле Р.Ралана і інш.).

т. 2, с. 360

БАЦВІ́ННІК Міхаіл Майсеевіч

(17.8.1911, С.-Пецярбург — 5.5.1995),

расійскі шахматыст. Міжнар. гросмайстар (1950), засл. майстар спорту СССР (1945). Вучоны ў галіне энергетыкі, д-р тэхн. н. (1951). 6-ы чэмпіён свету (1948—57, 1958—60 і 1961—63), у складзе каманды СССР 6 разоў (1954—64) перамагаў на сусв. шахматных алімпіядах, 7-разовы чэмпіён СССР, пераможца буйнейшых шахматных турніраў. Наватар шахматнай тэорыі, аўтар больш як 20 кніг па шахматах і кібернетыцы, сярод якіх «Паўвека ў шахматах» (1978), «Ад шахматыста да машыны» (1979), «Аналітычныя і крытычныя работы» (Т. 1—4, 1984—87).

Літ.:

Шахматное творчество Ботвинника. Т. 1—3, М., 1965—68.

т. 2, с. 360

БАЦІ́

(Baty) Гастон (26.5.1885, Пелюсэн, дэп. Луара, Францыя — 13.10.1952),

французскі рэжысёр, акцёр. Скончыў Ліёнскі ун-т. З 1919 у трупе рэжысёра Ф.Жэм’е (Парыж). У 1926 стварыў (разам з Ш.Дзюленам, Л.Жувэ, Ж.Пітоевым) прагрэс. рэжысёрскае аб’яднанне «Картэль». У 1930—47 кіраваў т-рам «Манпарнас—Баці», дзе паставіў «Трохграшовую оперу» Б.Брэхта, «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мадам Бавары» паводле Г.Флабера, «Макбета» У.Шэкспіра і інш. Спектаклі Баці вызначаліся рамантычным кірункам і строгім адборам выразных сродкаў. У шэрагу сваіх пастановак выступаў як мастак. З 1949 працаваў у галіне лялечнага т-ра і ў правінцыяльнай трупе «Камеды дэ Праванс». Аўтар тэарэт. прац пра тэатр.

т. 2, с. 360

БА́ЦІН Мікалай Арсенавіч

(н. 8.3.1911, в. Юркіна Міжрэчанскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі апрацоўкі драўніны. Д-р тэхн. н. (1965), праф. (1966). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1972). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1936). У 1949—55 і 1961—70 прарэктар Бел. тэхнал. Ін-та. Навук. працы па тэорыі і практыцы рацыянальнай распілоўкі драўніны на піламатэрыялы.

т. 2, с. 360

БАЦІ́ЦКІ Павел Фёдаравіч

(27.6.1910, Харкаў — 17.2.1984),

Маршал Сав. Саюза (1968), Герой Сав. Саюза (1965). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938) і Генштаба (1948). З 1929 служыў у БВА. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., Варонежскім, Сцяпным, 1-м і 2-м Укр., 1-м і 3-м Бел. франтах: нач. штаба мотадывізіі, камандзір стралк. дывізіі, карпусоў. Удзельнік Беларускай аперацыі 1944. У 1954—65 камандуючы войскамі ППА Маскоўскай акругі. У 1966—78 галоўнакамандуючы войскамі ППА краіны — нам. міністра абароны СССР.

т. 2, с. 360

БАЦУ́НЬ,

вёска ў Беларусі, у Крыўскім с/с Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобласці. Цэнтр калгаса. За 33 км ад Буда-Кашалёва, 40 км ад Гомеля, 21 км ад чыг. ст. Уза. 598 ж., 243 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 2, с. 360