Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАПЛА́Н (Beauplan) Гіём Левасэр дэ

(каля 1600, Нармандыя, Францыя — 6.12.1673),

французскі інжынер-фартыфікатар, картограф. У 1630—48 служыў у арміі Рэчы Паспалітай у чыне капітана артылерыі. Пабудаваў шэраг крэпасцяў на Украіне (Крамянчуг, Бар і інш.). Сабраў і апублікаваў багаты гіст., геагр. і этнагр. матэрыял («Апісанне Украіны», Руан, 1650). Зробленыя ім карты (тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны) неаднаразова друкаваліся да сярэдзіны 18 ст. Склаў карту «Вялікае княства Літоўскае і Белая Русь», дзе ўпершыню назва «Беларусь» вынесена ў загаловак.

Л.Р.Казлоў.

т. 2, с. 284

БАПТЫ́СТЫ

(ад грэч. baptizō акунаю, хрышчу вадой),

паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму — баптызму. Першая абшчына баптыстаў узнікла ў 1609 з англ. эмігрантаў у Амстэрдаме (Галандыя). Найб. распаўсюджаны баптызм у ЗША, адкуль пашырыўся на тэр. Рас. імперыі, у тым ліку на Беларусь. У аснове іх веравучэння агульныя пратэстанцкія догматы: адмаўленне ролі царквы як абавязковага пасрэдніка паміж Богам і чалавекам, прызнанне прынцыпу ўсеагульнага свяшчэнства, вера ў святую Тройцу; прытрымліваюцца догматаў аб выратавальнай місіі Ісуса Хрыста, яго другім прышэсці, спрадвечнай грахоўнасці чалавека. Для баптыстаў абавязковыя місіянерская дзейнасць і дабрачыннасць. Яны прызнаюць 2 асн. абрады — хрышчэнне ў вадзе паўналетніх і абрад хлебапераламлення. Асн. іх святы: Нараджэнне і Хрышчэнне Хрыста, Вялікдзень, Тройца, Праабражэнне, Свята Жніва, Дзень Адзінства. На Беларусі першыя абшчыны баптыстаў з’явіліся ў 1870-я г. Цяпер большасць баптыстаў уваходзіць у Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў, які ў 1996 налічваў на Беларусі 192 абшчыны.

А.У.Верашчагіна.

т. 2, с. 284

БАПТЫСТЭ́РЫЙ

(ад грэч. baptistērion купель),

памяшканне для хрышчэння ў правасл. ці каталіцкім храме. У краінах Зах. Еўропы — часта асобнае збудаванне, круглае або мнагаграннае ў плане, завершанае купалам. Унутры баптыстэрый упрыгожвалі мазаікай, скульптурай; пасярэдзіне знаходзілася купель для хрышчэння. Найбольш вядомыя італьян. баптыстэрыі ў Равене, Парме, Пізе, Фларэнцыі.

т. 2, с. 284

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́

(БАПЦ),

адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус. правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял. Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).

В.В.Антонаў.

т. 2, с. 406