БАПТЫ́СТЫ

(ад грэч. baptizō акунаю, хрышчу вадой),

паслядоўнікі аднаго з кірункаў пратэстантызму — баптызму. Першая абшчына баптыстаў узнікла ў 1609 з англ. эмігрантаў у Амстэрдаме (Галандыя). Найб. распаўсюджаны баптызм у ЗША, адкуль пашырыўся на тэр. Рас. імперыі, у тым ліку на Беларусь. У аснове іх веравучэння агульныя пратэстанцкія догматы: адмаўленне ролі царквы як абавязковага пасрэдніка паміж Богам і чалавекам, прызнанне прынцыпу ўсеагульнага свяшчэнства, вера ў святую Тройцу; прытрымліваюцца догматаў аб выратавальнай місіі Ісуса Хрыста, яго другім прышэсці, спрадвечнай грахоўнасці чалавека. Для баптыстаў абавязковыя місіянерская дзейнасць і дабрачыннасць. Яны прызнаюць 2 асн. абрады — хрышчэнне ў вадзе паўналетніх і абрад хлебапераламлення. Асн. іх святы: Нараджэнне і Хрышчэнне Хрыста, Вялікдзень, Тройца, Праабражэнне, Свята Жніва, Дзень Адзінства. На Беларусі першыя абшчыны баптыстаў з’явіліся ў 1870-я г. Цяпер большасць баптыстаў уваходзіць у Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў, які ў 1996 налічваў на Беларусі 192 абшчыны.

А.У.Верашчагіна.

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)