Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БАР

(англ. bar),

1) невялікі рэстаран, у якім наведвальнікаў абслугоўваюць звычайна за стойкай.

2) Невял. буфет (ці аддзяленне ў серванце, шафе) для віна і інш. напіткаў.

3) У дылерскіх здзелках сума ў 1 млн. фунтаў стэрлінгаў.

т. 2, с. 284

БАР

(франц. barre),

пясчаны падводны вал у прыбярэжнай паласе марскога дна перад вусцем ракі (прывусцевы бар) або вузкая, выцягнутая ўздоўж берага наносная паласа сушы, што аддзяляе лагуну ад мора (берагавы бар). Утвараецца ад сукупнага дзеяння цячэння ракі, марскіх хваляў, прыліваў і адліваў.

т. 2, с. 284

БАР

(ад грэч. baros цяжар),

пазасістэмная адзінка атм. ціску і мех. напружання. Абазначаецца — бар. 1 бар= 105 Па=0,1 МПа.

т. 2, с. 284

БАРА...

(ад грэч. baros цяжар),

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні слову «ціск», напрыклад, баракамера, барометр.

т. 2, с. 284

БАРА́

(італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),

мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).

т. 2, с. 284

БАРА́БА,

гл. Барабінская нізіна.

т. 2, с. 285

БАРАБА́Н

(магчыма, цюрк.),

ударны мембранны музычны інструмент. Мае полы цыліндрычны драўляны (радзей металічны) корпус-рэзанатар, 2 скураныя мембраны (адносная вышыня гуку рэгулюецца іх нацяжэннем), па якіх удараюць драўлянай калатушкай з мяккім наканечнікам, палкай або рукамі. У старажытнасці барабан выкарыстоўваўся як сігнальны інструмент, пазней — для суправаджэння рытуальных танцаў, ваен. шэсцяў, у рэліг. абрадах. Вядомы барабаны розных формаў і памераў, а таксама бронзавыя, драўляныя (без мембран). У сучасным аркестры выкарыстоўваюць т.зв. вялікі і малы (ваенны) барабаны, цяпер вядучы інструмент рытмічнай групы джаза.

т. 2, с. 285

БАРАБА́Н у архітэктуры, цыліндрычная або шматгранная (звычайна васьмерыковая) верхняя частка будынка, якая абапіраецца на сцены, слупы, падпружныя аркі, ветразі і завяршаецца купалам або шатром. Бываюць светлавыя (з аконнымі праёмамі, паляпшаюць асветленасць будынка) і глухія (без праёмаў). Барабан — важны элемент кампазіцыі культавых збудаванняў, надае ім дынамічнасць, маляўнічы сілуэт. Пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве, у архітэктуры Адраджэння, барока і класіцызму.

т. 2, с. 285

БАРАБА́Н у тэхніцы, полая дэталь або частка машыны, механізма, апарата ў форме цыліндра, конуса або шматгранніка. Барабан ёсць у складзе пад’ёмна-трансп. механізмаў (лябёдак, руднічных пад’ёмнікаў, кранаў), вярчальных печаў для награвання сыпкіх матэрыялаў, барабанна-шаравых млыноў, зернесушылак і інш. Барабанам называюць таксама некаторыя рабочыя машыны, напрыклад ачышчальны барабан для ачысткі адлівак ад пяску.

т. 2, с. 285

БАРАБА́НАЎ Леанід Генадзевіч

(н. 29.9.1950, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1973). З 1975 у Бел. н.-д. скурнавенералагічным ін-це, з 1988 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па алергічных дэрматозах, дыягностыцы і лячэнні лімфом скуры, рэпрадуктыўнай функцыі ў хворых на ганарэю і новых антыбактэрыяльных прэпаратах для яе лячэння.

Тв.:

Справочник по профессиональным болезням кожи. Мн., 1981 (у сааўт.);

Справочник врача общей практики. Т. 2. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 2, с. 285