БАРАБА́Н у архітэктуры, цыліндрычная або шматгранная (звычайна васьмерыковая) верхняя частка будынка, якая абапіраецца на сцены, слупы, падпружныя аркі, ветразі і завяршаецца купалам або шатром. Бываюць светлавыя (з аконнымі праёмамі, паляпшаюць асветленасць будынка) і глухія (без праёмаў). Барабан — важны элемент кампазіцыі культавых збудаванняў, надае ім дынамічнасць, маляўнічы сілуэт. Пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве, у архітэктуры Адраджэння, барока і класіцызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)