БА́ЕВА,
вёска ў Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., на р. Мярэя. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПдУ ад Дуброўна, 120 км ад Віцебска, 30 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 297 ж., 98 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. як сяло. З 1772 у Копыскім, з 1861 у Горацкім пав. Магілёўскай губ. У 1880 у мястэчку Баева каля 1000 ж., 98 дамоў, валасное праўленне, 2 школы, 2 правасл. царквы, вадзяны млын, багадзельня, 7 крам. З 1919 мястэчка ў Гомельскай, з 1922 валасны цэнтр у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у складзе БССР, цэнтр сельсавета ў Ляднянскім, з 1931 — у Дубровенскім р-нах. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ў Баеве было 1095 ж., 220 двароў. За час акупацыі (ліп. 1941 — 30.9.1943) ням.-фаш. захопнікі загубілі 110 жыхароў, вёску спалілі.
У Баеве базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. Воінаў.
т. 2, с. 216
«БА́ЕР»
(Bayer A.G.),
хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належаць найб. хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.
т. 2, с. 216
БА́ЕР
(Baeyer) Адольф (31.10.1835, Берлін — 20.8.1917),
нямецкі хімік. Скончыў Берлінскі ун-т (1858). З 1872 праф. Страсбургскага, з 1875 Мюнхенскага ун-таў. Ажыццявіў поўны сінтэз індыга і ўстанавіў яго будову (1878—83). Даследаваў фталевыя, тэрпенавыя, пераксідныя, нітроза- і аксоніевыя злучэнні. Стварыў тэорыю напружанасці цыклічных злучэнняў (Баера тэорыя), якая тлумачыць іх стабільнасць. У 1910 уведзены памятны медаль Баера за дасягненні ў галіне арган. хіміі. Нобелеўская прэмія 1905.
т. 2, с. 216
БА́ЕР
(Bayer) Готліб (Тэафіль) Зігфрыд (6.1.1694, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 10.2.1738),
нямецкі гісторык і філолаг. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т. З 1725 працаваў на кафедры старажытнасцяў і ўсх. моў Пецярбургскай АН. Працы па арыенталістыцы, філалогіі (у тым ліку слоўнік кіт. мовы), гіст. геаграфіі і гісторыі Стараж. Русі (напісаны на аснове візант., сканд. крыніц і пачатковага рус. летапісу ў лац. перакладзе), у т. л. «Пра варагаў», «Пра першы паход русаў на Канстанцінопаль», «Паходжанне русаў», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з Канстанціна Багранароднага», «Геаграфія Русі і суседніх абласцей у 948 г. з паўночных пісьменнікаў» і інш., якія друкаваліся ў спец. выданні Акадэміі навук на лац. мове «Каментарыі». Пачынальнік нарманскай тэорыі.
т. 2, с. 216
БА́ЕР
(Bajer) Фрэдрык (21.4.1837, Вестэр-Эгед, Данія — 22.1.1922),
дацкі паліт. дзеяч, публіцыст. У 1870 заснаваў Асацыяцыю скандынаўскіх свабодных дзяржаў, якая ставіла за мэту аб’яднанне паўн. народаў у федэрацыю. У 1872—95 член дацкага парламента. У 1882 заснаваў Асацыяцыю нейтралітэту Даніі. У 1893 выбраны ў Савет Міжпарламенцкага саюза, дзе прадстаўляў Нарвегію, Данію і Швецыю. У 1891—1907 старшыня праўлення Міжнар. бюро міру. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з К.Арнальдсанам).
т. 2, с. 216
БА́ЕЎ Аляксей Кузьміч
(н. 21.3.1932, с. Новастарбеева Мічурынскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі. Д-р хім. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Ленінградскі ун-т (1957). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па тэрмадынаміцы і тэрмахім. кінетыцы элементаарган. злучэнняў, хіміі комплексных злучэнняў. Чл. Нью-Йоркскай АН (1994).
Тв.:
Структура и энергетика карбонилов металлов. Мн., 1986;
Химия газогетерогенных систем элементоорганических соединений. Мн., 1987.
т. 2, с. 216
БА́ЕЎ Браніслаў Віктаравіч
(н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла).
т. 2, с. 216