БАК карабельны, на суднах грамадзянскага флоту насавая надбудова, прызначаная для засцярогі верхняй палубы ад залівання сустрэчнай хваляй, павышэння непатапляльнасці (закрыты бак) і размяшчэння службовых памяшканняў. На палубе бака размяшчаюцца таксама якарныя і швартовыя прыстасаванні. Утоплены ў корпус судна бак (звычайна на палову вышыні) наз. паўбакам. На ваен. караблях бак — насавая частка верхняй (асн.) палубы ад фарштэўня да пярэдняй мачты (фок-мачты) або насавой надбудовы (хадавога мосціка), на якой размяшчаюцца насавая артылерыя, ракетныя ўстаноўкі, а таксама якарныя, буксірныя, швартовыя прыстасаванні.
т. 2, с. 227
БАК
(Bacq) Зянон Марсель (н. 31.12.1903, г. Ла-Луўер, Бельгія),
бельгійскі фізіёлаг, фармаколаг і радыебіёлаг. Чл. Каралеўскай бельг. акадэміі навук, л-ры і выяўл. мастацтва і Бельгійскай каралеўскай мед. акадэміі (1946). Замежны чл. АН СССР (1958). Праф. (1934). Скончыў Брусельскі ун-т (1927). У 1929—30 у Гарвардскай мед. школе (ЗША), з 1932 у Льежскім ун-це. Заснавальнік параўнальнай фармакалогіі. Стварыў школу радыебіёлагаў-патолагаў. Навук. працы па таксікалогіі і біяхіміі нерв. працэсаў.
Тв.:
Рус. пер. — Химическая защита от ионизирующей радиации. М., 1968.
т. 2, с. 227
БАК
(Buck) Перл (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),
амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел. пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер. жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.
т. 2, с. 227
БА́КА
(Baka) Юзаф (18.3.1707, Міншчына — 2.5.1780),
польскі паэт, каталіцкі прапаведнік. Сын мсціслаўскага скарбніка Адама Бакі. У 1740-я г. жыў у Мінску. Потым вёў місіянерскую дзейнасць у Навагрудку і Вільні. Паэт. зб. «Развагі пра смяротны стан і грахоўную злосць» (1766) Бакі належыць да метафізічнай паэзіі позняга барока. Яго 2-я частка «Роздум пра непазбежную смерць» (1766), выдадзеная асобна, атрымала процілеглыя ацэнкі: у 19 ст. — прадмет насмешак і жартаўлівых наследаванняў, сёння лічыцца шэдэўрам гратэску; спроба паказаць у ёй дэманічную ўсёмагутнасць смерці блізкая да нігілізму. Стыль Бакі выкарыстоўвалі В.Дунін-Марцінкевіч («Просьба» № 1), У.Сыракомля («Наследаванне Баку»).
Літ.:
Nawarecki A. Czarny karnawał: «Uwagi śmierci niechybney» księdza Baki – poetyka tekstu i paradoksy recepcji. Wrocław etc., 1991.
А.В.Мальдзіс.
т. 2, с. 228
БАКАВА́Я ЛІ́НІЯ,
сістэма органаў пачуццяў у кругларотых, рыб і асобных земнаводных. Размешчана ў выглядзе паласы ўздоўж цела. У многіх рыб сістэматычная прыкмета. Лакалізуецца ў скуры і падскурных структурах цела і галавы. Складаецца з запоўненых вадкасцю каналаў, ампул і эпідэрмальных клетак. Групы адчувальных валасковых клетак падобныя да сенсорных клетак органаў слыху і вестыбулярнага апарату. Органы бакавой лініі дазваляюць успрымаць напрамак і скорасць цячэння, арыентавацца ў прасторы.
т. 2, с. 228
БАКАВА́Я ЭРО́ЗІЯ,
падмыванне водным патокам схілаў рачной даліны, якое выклікае адступанне берагоў, расшырэнне даліны і міграцыю рэчышча ракі з утварэннем меандраў. Адбываецца адначасова з глыбіннай, звычайна пераважае тады, калі базіс эрозіі высокі, профіль ракі выраўноўваецца, набліжаецца да профілю раўнавагі. На тэр. Беларусі бакавая эрозія найбольш уласціва рэкам басейнаў Прыпяці, Дняпра і вярхоўям Нёмана (гл. таксама Эрозія).
т. 2, с. 228
БАКАВЫ́ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.
т. 2, с. 228
БАКА́Ж
(Bocage) П’ер [11.11.1799 (1797 ?),
г. Руан, Францыя — 30.8.1862 (1863 ?)], французскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1821. Выступаў у парыжскіх т-рах. У 1845—50 дырэктар т-ра «Адэон». Адзін з выдатных акцёраў Францыі эпохі рамантызму. Яго мастацтва вызначалася эмацыянальнасцю, глыбокімі і моцнымі пачуццямі: Дзідзье («Марыён Дэлом» В.Гюго), Антоні, Бурыдан («Антоні», «Нельская вежа» А.Дзюма-бацькі) і інш.
т. 2, с. 228
БАКАЛАПАДО́БНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
аднаклетачныя эндаэпітэліяльныя слізістыя залозы эпітэлію чалавека і жывёл. Знаходзяцца ў кішэчніку, паветраносных шляхах, матцы і яйцаводах, вывадных пратоках падстраўнікавай і слінных залоз, кан’юктывы вока. Сінтэзуюць, назапашваюць і выдзяляюць слізісты сакрэт, які ўвільгатняе паверхню эпітэлію. Утвараюцца са звычайных эпітэліяльных клетак. У верхняй частцы бакалападобнай клеткі, што ўкрыта мікраварсінкамі, назапашваюцца гранулы сакрэту (муцынаген), якія абвадняюцца і ператвараюцца ў масу слізі (муцын). Бакалападобныя клеткі набракаюць у верхняй частцы і звужаюцца каля асновы, дзе знаходзіцца ядро, набываюць бакалападобную форму. Потым верхняя частка разрываецца, слізь трапляе ў прасвет органа, бакавыя сценкі бакалападобнай клеткі спадаюцца, робяцца прызматычнымі і зноў назапашваюць сакрэт. Існуе думка пра безупыннае яго выдзяленне.
А.С.Леанцюк.
т. 2, с. 228
БАКА́ЛАЎ Ігар Рыгоравіч
(9.12.1939, г. Екацярынбург — 25.9.1992),
бел. спартсмен (стралк. спорт, буйнакаліберны рэвальвер і малакаліберны пісталет). Засл. майстар спорту СССР (1990). Скончыў Мінскі радыётэхнікум (1970). Чэмпіён свету ў асабістым (1962) і камандным (1962; 1966) першынствах, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету ў асабістым (1962) і камандным (1966; 1970) першынствах. Чэмпіён Еўропы ў камандным (1963), Спартакіяд народаў СССР (1967, 1971) і СССР (1964, 1966—69, 1971—72) у асабістым першынствах.
т. 2, с. 228