БАЯ́Н
(Boian),
археалагічная культура эпохі неаліту (2-я пал. 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры) на тэр. Румыніі і Балгарыі. Назва ад паселішча на воз. Баян (Румынія). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у зямлянках і наземных жытлах са сценамі з дрэва і гліны. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Характэрна чорная і шэрая глянцаваная кераміка, упрыгожаная паглыбленым геаметрычным арнаментам, запоўненым белай пастай. З’явіліся першыя вырабы з медзі. Культура Баяна адыграла важную ролю ў фарміраванні культуры гумельніца.
т. 2, с. 368
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)