позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бабушкіна і Банан зімовы. Раянаваны з 1967 па ўсіх садовых зонах рэспублікі.
Дрэва моцнарослае з прыўзнята-круглаватай кронай. Плоданашэнне пачынае на 5—6-ы год пасля пасадкі. Сорт зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы, сярэднеўрадлівы. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), пляската-круглаватыя, саламяна-жоўтага колеру з лёгкім загарам з сонечнага боку. Мякаць шчыльная, сакаўная, прыемнага кісла-салодкага смаку. Дэсертны, спажываецца ў свежым выглядзе, захоўваецца больш за 200 сутак.