БАБАРЭ́КА Адам Антонавіч

(14.10.1899, в. Слабада-Кучынка Капыльскага р-на Мінскай вобласці — 10.10.1938),

бел. пісьменнік і крытык. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1918), БДУ (1927). Настаўнічаў на Случчыне. У 1921—22 палітработнік у Чырв. Арміі. У 1926—29 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Камуніст. ун-це Беларусі, з 1928 на кафедры бел. л-ры БДУ. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1930 беспадстаўна арыштаваны. 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі. Адбываў у г.п. Слабадской (Вятчына), у Вятцы (цяпер г. Кіраў). У 1937 зноў рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1919. Вершы і апавяданні падпісваў псеўд. Янка Кужаль, Адам Чырвоны, Якім Каліна і інш. Як крытык распрацоўваў метадалагічныя пытанні літ.-знаўства і эстэтыкі, прынцыпы народнасці, сац. і эстэт. каштоўнасці л-ры, даследаваў гісторыю бел. л-ры, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, У.Дубоўкі, К.Чорнага і інш. Аналіз літ. творчасці спалучаў з гістарызмам і філасафічнасцю.

Тв.:

Апавяданні. Мн., 1925.

Літ.:

Конан У. Адам Бабарэка. Мн., 1976.

У.М.Конан.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)