БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),
швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).
Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).
т. 2, с. 354
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)