БАСАЛЫ́ГА Уладзімір Самойлавіч

(н. 1.4.1940, г. Слуцк),

бел. графік. Брат М.С.Басалыгі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1971—80 гал. мастак Маст. фонду. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса. Гал. тэма творчасці — культ. і гіст. спадчына Беларусі: графічныя аркушы «Шануйце роднае слова» (1976), «Неба бацькаўшчыны» (1980), «Навагрудчына», «Мой родны кут», «Дух стагоддзяў», «Радзіма Купалы» (усе 1982). Стварыў серыю графічных аркушаў «Мова наша родная»; ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» У.Караткевіча (1969), альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, з М.С.Басалыгам) і інш. З 1977 працуе над серыяй графічных твораў «Помнікі дойлідства Беларусі»; «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш.

Літ.:

Пянькоўская А. Справа даўжынёй у жыццё // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)