БАСА́НА
(Bassano; сапр. да Понтэ; da Ponte) Якопа (каля 1517/18, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.2.1592),
італьянскі жывапісец венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Паходзіць з сям’і мастакоў Басана. Яго манум. шматфігурныя кампазіцыі адметныя сакавітасцю і кантрастнасцю колераў («Алтар Святой Ганны», 1541, размалёўкі капліцы дэль Разарыо, 1575). У рэліг. сюжэты ўводзіў простанародныя персанажы, сцэны з сял. побыту, выявы жывёл, сцвярджаючы значнасць паўсядзённага працоўнага быцця: «Уцёкі ў Егіпет» (1534), «Хрыстос і блудніца» (1535), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1550), «Пакланенне пастухоў» (1568), «Хрышчэнне Святой Люцылы» (1574), «Святы Рох і зачумленыя» (1576), «Актэон і Німфы» (1585) і інш.
Літ.:
Смирнова И.А. Якопо Бассано и Позднее Возрождение в Венеции. М., 1976.
Я.Ф.Шунейка.
т. 2, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)