БАРЫ́ДЫ,
злучэнні металаў з борам. Маюць розную структуру, найб. пашыраны дыбарыды (МВ2) і гексабарыды (МВ6). Крышталічныя, утвараюць жорсткія падрашоткі ў выглядзе сетак, каркасаў. Барыдам уласцівы высокая цвёрдасць, металічная або паўправадніковая электраправоднасць, тугаплаўкасць, гарача- і зносаўстойлівасць, каразійная ўстойлівасць. Атрымліваюць з элементаў спяканнем ці сплаўліваннем у вакууме або аднаўленчым асяроддзі, аднаўленнем аксідаў металаў борам, сумессю бору з сажай ці карбідам бору. Выкарыстоўваюць у цвёрдых і гарачатрывалых сплавах, матэрыялах, як катоды магутных электронных прылад, абразівы, паглынальныя матэрыялы ў ядз. рэактарах, каталізатары, рэзістары.
т. 2, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)