БАРШЧЭ́ЎСКІ Ян

(1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.Міцкевічам, Т.Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя.1994. № 11.

М.В.Хаустовіч.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)