БАРШЧЭ́ЎСКІ Аляксандр Андрэевіч

(псеўд. Алесь Барскі;нарадзіўся 2.11.1930, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. паэт, літ.-знавец, публіцыст, перакладчык, фалькларыст, педагог, грамадска-культ. дзеяч. Д-р філал. н. (1984). Ганаровы д-р БДУ (1993). Акад. Міжнар. акадэміі навук Еўразіі ў Мінску (1994). Скончыў Лодзінскі ун-т (1955). З 1956 выкладчык, з 1975 заг. кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. Друкуецца з 1956. Аўтар кн. паэзіі «Белавежскія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Мн., 1975), «Блізкасць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Мн., 1987), зб. абразкоў, артыкулаў, дарожных нататак «З пабачанага і перажытага» (Мн., 1992). У паэзіі Баршчэўскага матывы вернасці роднай зямлі, мове, складаны і супярэчлівы духоўны свет сучасніка. Баршчэўскі — даследчык і папулярызатар стараж. і сучаснай бел. л-ры (артыкулы пра бел. пісьменнікаў у «Малым слоўніку еўрапейскіх пісьменнікаў СССР». Варшава, 1966, на польск. мове). Аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры» (Варшава; Ч. 1. Фальклор, 1976; Ч. 2. Перыяд Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага, 1981), манаграфій «Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны (нараджэнне, вяселле, смерць)» (Беласток, 1990), «Ігнат Дварчанін — беларускі палітык і вучоны» (Варшава, 1990, з А.Бергман і Е.Тамашэўскім). Складальнік (з В.Шведам) хрэстаматый па л-ры для 8-га класа бел. школ у Польшчы «Дружба і праца» (Варшава, 1967) і «Насустрач жыццю» (Варшава, 1974). Укладальнік і перакладчык на польск. мову з бел арыгіналаў фалькл. зб-каў «Д’яблава скрыпка» (бел. казкі са збораў М.Федароўскага; Варшава, 1973, 2-е выд. 1977), «Невычэрпны збан» (Варшава, 1976, бел. нар. казкі). На польск. мову перакладае творы бел. паэтаў (складальнік, аўтар прадмовы і біягр. арт. да кн. Я.Купалы «Выбраныя паэтычныя творы». Варшава, 1984, для якой перакл. на польск. мову паэму «Яна і Я», а таксама вершы). Збірае, публікуе і даследуе бел. фальклор Беласточчыны. З 1984 старшыня Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)