БАРЫ́,
Дэ Бары (de Bary) Генрых Антон дэ (26.1.1831, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 22.1.1888), нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў мікалогіі і ліхеналогіі. Праф. ун-таў у Фрайбургу(1855), Гале (1867) і Страсбургу (1872). Навук. працы па марфалогіі, біялогіі і гісторыі развіцця грыбоў, лішайнікаў, міксаміцэтаў, водарасцяў, параўнальнай анатоміі вышэйшых раслін. Высветліў гетэратрофны характар жыўлення грыбоў; паказаў, што паразітныя грыбы з’яўляюцца ўзбуджальнікамі хвароб вышэйшых раслін (1853); адкрыў і вывучыў палавы працэс у фікаміцэтаў і сумчатых грыбоў; даследаваў цыкл развіцця ржаўнікаў (1863); правёў шматлікія даследаванні водарасцяў-кан’югатаў. Прапанаваў першую філагенетычную сістэму грыбоў. Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва 1884.
т. 2, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)