Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЎРЫ́З,

горад у Іране, гл. Тэбрыз.

т. 15, с. 460

ТАЎРЫЗІЯ́Н Міхаіл Арсеньевіч (27.5.1907, Баку — 17.10.1957),

армянскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1934). З 1935 дырыжор, з 1938 гал. дырыжор, з 1946 маст. кіраўнік Арм. т-ра оперы і балета. Сярод яго паст. першыя арм. оперы, у т. л. «Аршак II» Т.​Чухаджана, «Гераіня» А.​Сцепаняна. Выступаў і як сімф. дырыжор. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1951.

т. 15, с. 460

ТАЎРЫ́ЧАСКІ ПАЛА́Ц,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму ў Санкт-Пецярбургу. Пабудаваны ў 1783—89 (арх. І.​Староў, з удзелам Ф.​Волкава) для кн. Р.​А.​Пацёмкіна. Пасля пажару адбудаваны ў 1802—04 (арх. Л.​Руска, К.​Росі, В.​Стасаў; размалёўкі 1819, маст. Дж.​Скоці). Будынак П-падобны ў плане, гал. фасад аформлены манум. порцікам іанічнага ордэра. У інтэр’еры 8-вугольная купальная зала, Вял. галерэя з іанічнай каланадай, зімовы сад.

Таўрычаскі палац.

т. 15, с. 460

ТА́ЎРЫЯ,

гістарычная назва Крымскага п-ва з 16 ст. У 19 — пач. 20 ст. Т. называлі не толькі Крым, але і сумежныя з ім паўн. раёны Таўрычаскай губ. (т. зв. Паўн. Таўрыя).

т. 15, с. 460

«ТА́ЎРЫЯ»,

пярэднепрывадны легкавы аўтамабіль, гл. ў арт. ЗАЗ.

т. 15, с. 460

ТАЎСТАДЗЮ́БЫЯ СІНІ́ЦЫ (Paradoxornithidae),

сямейства пеўчых птушак атр. вераб’інападобных. 4—7 родаў, 19—25 відаў. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі, 1 від у Еўропе і стэпавай зоне Азіі. Большасць відаў аселыя, з сезоннымі вандроўкамі. Жывуць у лясах, садах, зарасніках па берагах вадаёмаў. Найб. вядомыя: даўгахвостая сініца, або апалоўнік (Aegithalos caudatus), вусатая сініца (Panurus biarmicus). Трапляюцца на Беларусі і суторы (роды Suthora і Paradoxornis). 1 від і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. цела 11—19 см, маса 8—17 г. Апярэнне мяккае, пушыстае, рыхлае, густое. Хвост доўгі (да палавіны даўж. цела), ступеньчаты. Крылы кароткія, закругленыя. Дзюба кароткая, канічная, успушаная. Нясуць да 14 яец. Кормяцца беспазваночнымі пераважна насякомымі і павукамі, дробным насеннем.

т. 15, с. 460

ТАЎСТАЛО́БІКІ, таўсталобы (Hypophthalmichthynae),

падсямейства прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 роды, 2 (3) віды Т.: белы, або звычайны, ці талпыга (Hypophthalmichthys molitrix) і стракаты, або вялікагалоў, ці паўднёвы (Aristichthys nobilis). Пашыраны ў рэках Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, бас. Амура. Акліматызаваны ў Сярэдняй Азіі, на Пд Усх. Еўропы. На Беларусь завезены ў сярэдзіне 1960-х г. для сажалкавых гаспадарак, з 1970 заселены ў некат. азёры.

Даўж. да 1 м і больш, маса да 35 кг (Т. стракаты). Цела высокае, укрытае дробнай луской. Лоб шырокі, пукаты. Вочы размешчаны нізка. Спінны плаўнік кароткі, без калючых промняў. Маляўкі кормяцца зоапланктонам, дарослыя — фітапланктонам (белы Т.) або мяшаным кормам (стракаты Т.). Аб’екты промыслу і развядзення. Меліяратары вадаёмаў.

Таўсталобікі: 1 — белы; 2 — стракаты.

т. 15, с. 460

ТАЎСТАНО́ГАЎ Георгій Аляксандравіч (28.9.1913, Тбілісі — 23.5.1989),

расійскі рэжысёр, тэарэтык тэатра, педагог. Нар. арт. СССР (1957). Д-р мастацтвазнаўства (1968). Герой Сац. Працы (1983). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1938). Працаваў у Тбілісі рэжысёрам рус. драм. т-ра, выкладаў у тэатр. ін-це (з 1939). З 1946 у Маскве: маст. кіраўнік гастрольнага рэаліст. т-ра, рэжысёр Цэнтр. дзіцячага т-ра. З 1949 гал. рэжысёр Ленінградскага т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1956 — Ленінградскага Вял. драм. т-ра (з 1992 яго імя), з 1957 выкладаў у Ленінградскім ін-це т-ра, музыкі і кінематаграфіі (з 1960 праф.). Яго пастаноўкі вызначаліся вял. эмац. і драм. напружаннем, дынамічнасцю, глыбінёй і смеласцю псіхал. рашэнняў, пільнай увагай да духоўнага жыцця персанажа і адначасова яркай тэатральнасцю, эпічным размахам. Сярод пастановак: «Гібель эскадры» А.​Карнейчука (1952, 1960), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1955, 1981), «Безыменная зорка» М.​Себасцьяна (1956), «Ліса і вінаград» Г.​Фігейрэду (1957, 1967), «Пяць вечароў» (1959) і «Мая старэйшая сястра» (1961) А.​Валодзіна, «Боская камедыя» І.​Штока (1962), «Ціхі Дон» паводле М.​Шолахава (1977), «Радавыя» А.​Дударава (1985), «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» Э.​Радзінскага (1986). У пастаноўках класікі гістарызм спалучаў з сучаснай трактоўкай твора, верагоднасць з умоўнасцю: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага (1957, 2-я рэд. 1966), «Тры сястры» (1965) і «Дзядзька Ваня» (1982) А.​Чэхава, «Варвары» (1959), «Дачнікі» (1976) і «На дне» (1987) М.​Горкага, «Гісторыя каня» паводле «Халстамера» Л.​Талстога (1975, з М.​Разоўскім), «Ваўкі і авечкі» (1980) і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1985) А.​Астроўскага і інш. Тэарэт. працы па праблемах тэатра і культуры. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1952, 1968, 1978. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэмія Расіі 1986.

Тв.:

Современность в современном театре. Л., 1962;

О профессии режиссера. М., 1965;

Круг мыслей. Л.;

М., 1972;

Классика и современность. М., 1975;

Зеркало сцены. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1984.

Літ.:

Г.​А.​Товстоногов: Жизнь и творчество;

Библиогр. указ. СПб., 1998.

Л.​В.​Календа.

Г.А.Таўстаногаў.

т. 15, с. 460

ТАЎСТАРО́Г,

млекакормячая жывёла атр. парнакапытных, гл. Снежны баран.

т. 15, с. 461

ТАЎСТУ́ХА, павуціннік ядомы (Cortinarius esculentus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. павуціннікавых. Пашырана ў Еўропе, у т. л. на Беларусі. Трапляецца з вер. па кастр. у сухіх хваёвых лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 5—12 см, падушкападобна-пукатая, з загорнутым уніз краем, сухая, светла-бурая. Пласцінкі прырослыя. Мякаць мясістая, белая, шчыльная, з салодкім смакам і прыемным пахам. Ножка выш. 2—5 см, булавападобная, шчыльная, суцэльная, з рэшткамі павуціністага пакрывала. Споры эліпсоідныя, бародаўчатыя, жоўта-бурыя. Ядомая.

Таўстуха.

т. 15, с. 461